«Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой». Вялікая гутарка з камандзірам каліноўцаў Паўлам Шурмеем
«Мы ішлі сюды, каб праз перамогу Украіны вярнуцца дахаты». У час, калі полк Каліноўскага раздзіралі канфлікты, былы вясляр Павел Шурмей устаў на чале каліноўцаў. «Наша Ніва» пагутарыла з ім пра скандалы, выклікі і сэнсы — што б ні здарылася, Шурмей працягвае верыць у полк.
12.12.2024 / 07:00
«Полк Каліноўскага — самае буйное і прадстаўнічае падраздзяленне беларусаў ва Украіне. І яго разарваць на дзве часткі?»
«Наша Ніва»: У адным з інтэрв’ю вы казалі: «Полк [цяпер] аддзяляецца ад людзей, для якіх мэта была не наша агульная — вызваленне Беларусі, якія мелі нейкія ўласныя мэты наконт палка, бачылі яго сваім прыватным войскам». Што гэта значыць?
Павел Шурмей: Што такое полк імя Кастуся Каліноўскага? Гэта хлопцы, якія ахвяруюць сваім жыццём, здароўем, потам, крывёю, часам свайго жыцця, ваююць на перадавой за нашу агульную мэту. З 2022 года склалася так, што адміністрацыйна-тылавая група, якая павінна забяспечваць баявую працу, знаходзячыся ў Кіеве, скарысталася сваім становішчам і ўплывам, каб ператварыць сябе ў шэрых кардыналаў, якія пачалі камандаваць палком — не ў баявым плане, а ў агульным.
Праз два гады ўсім стала відавочна, што яны лічаць полк сваёй уласнасцю — як яны казалі, уласным праектам. Для іх полк быў ледзь не ўласнай ПВК.
«НН»: Гаворка пра байцоў з пазыўнымі «Ваніш» і «Мікола» (Арцем Войніч і Мікалай Дземідзенка — НН)?
ПШ: Так.
«НН»: Як атрымалася, што менавіта яны сталі гэтымі шэрымі кардыналамі?
ПШ: У пачатку поўнамаштабнай вайны сабраліся людзі, якія ваявалі ва Украіне ўжо некалькі гадоў, некаторыя паехалі на фронт яшчэ ў 2014-м. Камандзірам [на той час] батальёна імя Кастуся Каліноўскага абралі ваяра з пазыўным «Ёрык». Ваня «Брэст» і Паша «Волат» сталі камандзірамі баявых падраздзяленняў, таксама і Ян Мельнікаў. А вось «Ваніш» і «Мікола» адказвалі за адміністрацыйна-тылавую працу.
За першыя месяцы «Брэст» і «Волат» загінулі, «Ёрык» пакінуў пасаду кіраўніка — вырашылі, што ён не спраўляецца з абавязкамі. Камандзірам палка прызначылі Дзяніса «Кіта». Засталіся «Мікола» і «Ваніш», якія займаліся адміністрацыйна-тылавой працай, пакуль астатнія ваявалі. Мы ваявалі на іншым кірунку, некаторыя хлопцы тады па шмат месяцаў не бывалі ў Кіеве. Для нас галоўнае было, каб мы атрымлівалі нармальнае забеспячэнне з Кіева.
На той момант мы ўжо былі незадаволеныя гэтай групай людзей, але ваявалі. А яны ўмацоўвалі свае сувязі ў Кіеве і паводзілі сябе як прадстаўнікі палка імя Кастуся Каліноўскага.
«НН»: На той момант, калі «Ваніша» і «Міколу» змясцілі з іх пасадаў, ваяры пэўны час выказвалі незадаволенасць іх метадамі. Чаму ж іх знялі толькі нядаўна?
ПШ: Некаторым людзям спатрэбіўся час, каб зразумець, хто такія «Ваніш» і «Мікола». Батальён «Волат» жадаў выйсці са складу палка яшчэ ў пачатку лета 2022-га. Але ў нас агульная мэта, і ёсць пытанні накшталт рэкрутынгу, лагістыкі і забеспячэння, без якіх падраздзяленне не можа быць баяздольным і існаваць доўгі час. І ў той час, і пазней у батальёне «Волат» узнімаліся гэтыя пытанні, але не было вызначана, хто будзе вырашаць іх у батальёне, таму ён застаўся ў складзе палка.
Зноў жа, у нас ёсць агульная мэта і ёсць шмат невідавочных момантаў. Кажу і пра рэпутацыйныя страты. Полк Каліноўскага — самае буйное і прадстаўнічае падраздзяленне беларусаў ва Украіне, і яго разарваць на дзве часткі? Гэта вельмі складанае пытанне, і трэба разумець, якія наступствы маглі б быць у такога кроку.
«Нам не перадаюць дакументаў, каб мы маглі зрабіць аўдыт. Што людзі хаваюць?»
«НН»: Чым цяпер займаюцца «Ваніш» і «Мікола»?
ПШ: Дакладна не ведаю. Нехта з іх ужо пакінуў вайсковую часць, нехта — у працэсе гэтага.
«НН»: То-бок не падтрымліваеце з імі кантакт?
ПШ: Як вы сабе гэта ўяўляеце? Мы ж жадаем, каб у полк вярнулася празрыстасць і справаздачнасць. Уся дапамога палку ад беларусаў, дыяспар ішла праз фонд палка, і нам не перадалі ніякіх дакументаў, каб мы маглі зрабіць аўдыт. Што людзі хаваюць?
Магчыма, усё гэта склалася з некалькіх кампанентаў, у тым ліку з-за асаблівасцяў характараў гэтых людзей. Але я думаю, людзі таксама баяцца, што вылезуць непрыемныя для іх факты пра тое, як былі выкарыстаныя сродкі фонду і яго маёмасць.
«НН»: Як атрымалася, што частка сацсетак беларускага падраздзялення засталася ў жонкі «Ваніша»? І ў выніку ад імя палка цяпер публікуюць паралельна розныя заявы.
ПШ: У былой адміністрацыйна-тылавой групы — калі дакладней, у жонкі «Ваніша» — засталіся ўсе нашы былыя сацсеткі, акрамя суполкі ў фэйсбуку. Яна была іх адміністратаркай, і ў прававым полі Украіны мы не можам іх атрымаць назад, мы былі вымушаныя стварыць новыя старонкі. У нас таксама атрымалася вярнуць сабе першы сайт палка — kalinouski.org. Яшчэ стварылі новы канал на ютубе, і ўладальнікі старога канала адразу пачалі нам ладзіць перашкоды, каб новы канал заблакавалі.
Хлопцы з прэс-службы, якія з самага пачатку былі на перадавой і рабілі відэарэпартажы і фільмы, цяпер працуюць з намі ў нашым прэс-цэнтры. Але ўсё тое, што яны здымалі, засталося на старым ютуб-канале. За апошнія месяцы там не з’явілася нічога новага, бо ў іх няма каму гэтым займацца.
«НН»: Раскажыце падрабязней пра рэформы, якія праходзяць апошні час у палку.
ПШ: Жадаем вярнуць давер паміж ваярамі і кіраўніцтвам, палепшыць адносіны з дыяспарамі, валанцёрамі, фондамі. Ёсць мэта правесці фінансавы аўдыт фонду палка — папярэднікі зрабілі ўсё, каб нам было як мага складаней зладзіць гэты аўдыт. Таксама ў мэтах паляпшэнне рэкрутынгу, справаздачнасць і празрыстасць.
«НН»: Як вы атрымалі прапанову ўзначаліць полк?
ПШ: Калі [ў палку] пачаліся перамены і рэформы, то, каб усе ваяры маглі ў іх паўдзельнічаць, стварылі працоўную групу. Гэта было ў канцы красавіка — пачатку мая 2024 года, і кожнае баявое падраздзяленне магло туды накіраваць прадстаўнікоў. Цяпер, магчыма, нехта можа сказаць, што іх там не было ці яны з нечым не згодныя, але такую прапанову атрымалі ўсе. Хто пажадаў, той даслаў прадстаўнікоў.
Гэтая працоўная група вырашыла, што [тагачасны камандзір палка] Дзяніс «Кіт» Прохараў перадасць мне свае паўнамоцтвы. Я разумеў, наколькі гэта будзе цяжкая задача, але ў той жа час усведамляў, як важна [дапамагчы] палку выйсці з крызісу.
«Добраахвотнікаў прыходзіць няшмат, мы проста падтрымліваем колькасць ваяроў на адным узроўні»
«НН»: На якіх задачах цяпер занятыя байцы палка?
ПШ: Як і заўжды, у палку працуюць з БПЛА, таксама працуе артылерыя, медыкі, сувязь. Наша пяхота паляпшае сваю баявую здатнасць, хлопцы рыхтуюцца да баявой працы.
Больш канкрэтна не магу распавесці.
Мінулую зіму і лета гэтага года мы працавалі каля Харкава, там нашы хлопцы і асабліва пяхота добра сябе паказалі.
«НН»: Якую дапамогу ад Украіны ў легалізацыі і лячэнні можа атрымаць каліновец пасля заканчэння службы?
ПШ: Ва Украіне быў нядаўна прыняты новы закон, які дае магчымасць легалізавацца замежнікам пасля праходжання вайсковай службы. Даведаемся, як ён працуе, у бліжэйшыя месяц-два. Магчыма, гэта стане больш зразумела вясной, калі пройдзе тры гады з падпісання першых кантрактаў нашымі хлопцамі і яны будуць спрабаваць падавацца на сталы дазвол на жыхарства.
Большую частку неабходнай рэабілітацыі пасля раненняў ваяры атрымліваюць, калі знаходзяцца на вайсковай службе. Калі чалавек паранены, яго адразу не звальняюць, а калі такое і рабілі, гэта чалавечая памылка.
Некаторых нашых хлопцаў адпраўлялі на рэабілітацыю за мяжу. Наколькі яна эфектыўная — гэта асобнае пытанне. На мой досвед, ёсць ЗША і Ізраіль, якія таксама ўвесь час ваююць, таму ў іх [вайсковая] медыцына мае высокі ўзровень. Хто б што ні казаў, думаю, што ўкраінская вайсковая медыцына цяпер на трэцім месцы пасля гэтых краін, проста таму што Украіна знаходзіцца ў стане вайны.
Некаторым хлопцам патрэбная і далейшая дапамога, і тады ўсё вырашаецца індывідуальна. Ва Украіне ёсць фонды, якія дапамагаюць ваярам, таксама шукаем такія магчымасці за мяжой.
«НН»: Ці шмат цяпер прыходзіць у полк добраахвотнікаў?
ПШ: На жаль, няшмат, мы проста падтрымліваем колькасць ваяроў на адным узроўні. Такія праблемы пачаліся прыкладна восенню 2023-га, асабліва пасля заявы былой адміністрацыйна-тылавой групы пра тое, што яны прыпыняюць рэкрутынг. Рэч і ў тым, што вайна ідзе тры гады, людзі стаміліся.
«НН»: Наколькі вядома, Васіль Верамейчык — не адзіны каліновец, які атрымаў забарону на ўезд ва Украіну ў часы «Міколы» і «Ваніша», ёсць яшчэ некалькі такіх каліноўцаў. Ці робіцца нешта дзеля таго, каб выправіць сітуацыю?
ПШ: Размаўляў з адным з гэтых хлопцаў. Калі вярнуся ва Украіну, змагу больш дакладна адказаць на гэтае пытанне (цяпер Павел выехаў у ЕС дзеля сустрэч з беларусамі замежжа. — НН). І не проста адказаць на пытанне — маю надзею, што для гэтых хлопцаў, якія жадаюць трапіць ва Украіну, адбудуцца змены.
«Калі замарозка і будзе, усё гэта часовае. Расія атрымае магчымасць аднавіць сілы»
«НН»: Часта кажаце пра тое, што сярод беларусаў мусіць быць разуменне — ніхто за нас не зробіць Беларусь вольнай. Як па-вашаму, а ці шмат беларусаў гэта ўсведамляюць?
ПШ: Цяжкае пытанне. Цяпер не такі свет, як нават 50-70 гадоў таму, і, магчыма, людзі маюць куды ўцячы ад рэжыму і вайны.
Але калі мы жадаем жыць у Беларусі, у нашай вольнай і дэмакратычнай краіне, акрамя нас, ніхто гэтага не зробіць. Можам уцячы ў Еўропу і стаць палякамі ці іспанцамі. Але не ведаю, ці будуць нашы дзеці, якія народзяцца ў тых краінах, лічыць сябе беларусамі.
«НН»: Гаворка пра адказнасць за краіну?
ПШ: Пра адказнасць за свой лёс. Калі мы лічым сябе беларусамі і жадаем жыць у нармальнай Беларусі, адказнасць за гэта і за краіну ляжыць на нас.
«НН»: Чаму пасля ўсяго, што здарылася з палком, вы працягваеце верыць у яго?
ПШ: Таму што полк паўстаў не для таго, каб стаць нечым праектам, а дзеля таго, каб бараніць Беларусь. Мы ж ішлі сюды не да «Міколы» і «Ваніша». Наогул, калі я ў пачатку вайны ляцеў ва Украіну, не ведаў, што будзе створаны батальён імя Кастуся Каліноўскага. Толькі ведаў, што ёсць беларусы, якія згуртаваліся і са зброяй у руках дапамагаюць Украіне. Мы ішлі сюды, каб праз перамогу Украіны вярнуцца дахаты.
«НН»: Як вы бачыце, што будзе з вайной у наступным годзе?
ПШ: Цяпер усе кажуць пра перамір’е, перамовы і замарозку [канфлікту].
Мяркую, калі замарозка і будзе, усё гэта часовае. Год, тры гады, і вайна зноў пачнецца, проста Расія атрымае магчымасць аднавіць сілы. Шмат стагоддзяў нашай гісторыі паказваюць, што Расія ніколі не спыніцца — яе можна толькі рабіць слабой, каб яна не магла лезці ў справы Беларусі, Украіны і ўсёй Еўропы.
«НН»: Чаго чакаць Беларусі?
ПШ: А чаго жадае Расія? Анэксаваць Беларусь, ператварыць яе з умоўна незалежнай у сваю заходнюю губернію. Трэба пытацца не пра тое, чаго чакаць Беларусі, а што мы павінны зрабіць для Беларусі.
Увесь час чакаем, што нехта штосьці зробіць, а потым мы будзем думаць, як на гэта рэагаваць і што скажуць суседзі. Не, трэба самім браць і рабіць, хай іншыя думаюць, як ім дзейнічаць і дамаўляцца.
«НН»: Вяртаемся да адказнасці?
ПШ: Так. У 1991-м нам падаравалі незалежнасць, але людзі не зразумелі яе кошт. Амаль усе краіны вакол нас атрымалі сваю незалежнасць праз рэвалюцыі, кроў і страты, а шмат для каго ў Беларусі гэтая незалежнасць упала з неба. Маўляў, вось мы незалежныя, а вось ужо і не, дык і нічога страшнага.
Так што адказнасць, адказнасць і яшчэ раз адказнасць, бо кожны беларус — сам творца свайго шчасця.
Полк Каліноўскага абвясціў калядную акцыю для дзяцей загінулых ваяроў
«Усё ў нашых руках». Камандзір каліноўцаў Павел Шурмей сустрэўся з беларусамі Вільні