Вайна1919

«Хачу, каб беларусы зразумелі: ніхто за нас не зробіць Беларусь вольнай». Вясляр-добраахвотнік Павел Шурмей — шчыра пра вайну і тое, чаму яна яго навучыла

Былы вясляр і ўдзельнік дзвюх Алімпіяд Павел Шурмей цяпер у Кіеве, куды прыехаў на адпачынак падчас службы ў палку Каліноўскага. Там яго застала навіна пра завочную крыміналку, заведзеную на яго ў Беларусі. «Наша Ніва» сазванілася з добраахвотнікам, каб пагутарыць пра шлях на фронт, незразумелую логіку смерці і правілы жыцця, якім Паўла навучыла вайна.

Фота: архіў Паўла Шурмея

«Для мяне не было іншага варыянта»

24 лютага 2022 года я быў у Амерыцы, прыехаў туды, каб падрыхтавацца і выступіць на ветэранскіх стартах. Потым, калі ляцеў назад са Злучаных Штатаў у Польшчу, я ўжо ведаў, што існуе рэкрутынгавы цэнтр, Беларускі дом [у Варшаве] адпраўляе беларусаў [на фронт]. У Польшчу я прыляцеў 1 сакавіка, і недзе 7-8 сакавіка мы ўжо былі ва Украіне.

Як я вырашыў ісці ў добраахвотнікі? Першы раз трапіў ва Украіну ў 1997 годзе. У мяне шмат сяброў сярод украінскіх спартоўцаў і паляўнічых, мая жонка — украінка з горада Мікалаева, яна выступае за зборную Украіны па акадэмічным веславанні.

Для мяне не было іншага варыянта, акрамя як паехаць [на фронт].

Жонка мяне падтрымала, а астатнія… У мяне ў Беларусі засталася маці, яна хварэла, і, на жаль, у жніўні 2022-га яе не стала, я нават на пахаванні не здолеў быць, не здолеў ёй дапамагчы ў яе апошнія дні.

А што, я б не паехаў праз родных ваяваць ва Украіну? Мне ў 2014 годзе не хапіла нейкага трыгеру, каб пайсці ў добраахвотнікі, можа, думаў пра маці. Зараз жа ў мяне не было ніякіх іншых варыянтаў, як бы хто з родных ні ставіўся. Амаль што ўсе зразумелі, чаму гэта мой выбар.

Мы ж усе ўсведамляем: за тое, што адбываецца ва Украіне і ў Беларусі, адказны Пуцін, гэта ўсё Расія, і праз перамогу ва Украіне мы хутчэй пераможам у Беларусі. Хто дапамог Лукашэнку ў 2020 годзе ўтрымаць уладу? Пуцін! Калі б не ён, думаю, народ здолеў бы перамагчы.

«Гэта народная вайна Украіны супраць расійскіх захопнікаў»

8 сакавіка я далучыўся да беларусаў, якія тады збіраліся ў Кіеве, на базе тэрабароны «Азова». Мы рыхтаваліся, праходзілі навучэнне: халастыя заняткі са зброяй, палігон, агнявая падрыхтоўка. У канцы сакавіка быў наш першы баявы выезд у Ірпень, мы там прабылі тыдзень. Калі вярнуліся, дазналіся, што мы ўсе ідзем на кантракт ва УСУ і будзем мець вайсковыя білеты, у іх мы ўсе запісаныя як стралкі.

Фота: архіў Паўла Шурмея

Якім быў той першы выезд? Як і ўсе іншыя, вельмі няпростым. Вайна, людзі гінуць каля цябе, ты дапамагаеш людзям… Складана гэта словамі апісаць, трэба проста ўсё гэта пабачыць. Жылі людзі, быў мір, але прыйшоў старэйшы брат, каб нас «вызваліць» ад мірнага жыцця.

Пабачыў у Ірпені вельмі жудасныя разбурэнні. Так атрымалася, што амаль некалькі дзён наша лінія абароны праходзіла па вуліцы катэджнага мястэчка з новымі дамамі, нятаннымі.

Бачыш, што там жылі людзі, засталіся іх рэчы, нейкія хустачкі, а цяпер ты мусіш ладзіць кулямётнае гняздо ў іх дзіцячым пакоі.

Але трэба гэта рабіць, іначай вораг, Расія, пойдзе далей, і не проста ў Ірпені, а па ўсёй Украіне і ў кожным дзіцячым пакоі будзе такое.

Ваяваў у Ірпені, на поўдні Украіны, пад Мікалаевам, на Херсоншчыне. Былі ў Севераданецку, у Запарожскай вобласці і Бахмуце.

Што было самым цяжкім? Складана сказаць, цяпер самыя цяжкія баі ідуць у Бахмуце. Але могуць так скласціся абставіны, што на ціхім кавалку фронту нейкая звычайная аперацыя можа пайсці не так і ператварыцца ў вельмі складаную.

У мяне так было ў канцы красавіка пад Мікалаевам. Было ўжо светла, мы высоўваліся на свае пазіцыі, і нас заўважыў расійскі дрон. Мы былі ў чыстым полі, не было ніякай схованкі. Спачатку мы трапілі пад вельмі шчыльны мінамётны абстрэл, потым па нас, хутчэй за ўсё, працавала БМП (баявая машына пяхоты). Нам трэба было спачатку паўзці, потым ляжаць не рухаючыся, каб вораг вырашыў, што мы забітыя, тым часам ён працягваў па нас страляць. Колькі мы так ляжалі, не памятаю. Потым мы зноў беглі, а мінамёты зноў па нас стралялі. Той дзень быў вельмі запамінальны.

Гісторыі пра чалавечнасць на вайне? Гэта выпадкі, як нас прымалі людзі ў сёлах, дзе нам трэба было кватаравацца, як людзі кармілі нас абедамі, як не бралі за нейкія справы грошы і казалі, што не могуць іх узяць, бо мы іх абараняем. Калі людзі дазнаюцца, што мы — беларусы, якія ваююць за Украіну, ставяцца да нас вельмі добра.

У вясковых дзяцей гульні — ладзіць дзіцячыя блок-пасты на ўездзе ў вёску. 

Фота: архіў Паўла Шурмея

Пуцін і рускія не разумелі, што яны робяць, яны прайгралі гэтую вайну, як толькі яе пачалі. Колькі пройдзе часу да канца вайны — гэта іншае пытанне. Расія перавярнула з ног на галаву ўсё тое, чаму нас вучылі ў школе, што расказвалі нам пра Вялікую Айчынную вайну і фашыстаў. Зараз усё наадварот, і гэта — народная вайна Украіны супраць расійскіх захопнікаў.

«Палова Расіі, можа, не мае нармальнай прыбіральні, але едзе «вызваляць» Украіну ад нацызму»

На вайне я толькі ўпэўніўся ў тым, што калі жадаеш рабіць нешта добрае, рабі гэта сам, і нельга нішто адкладаць на заўтра, трэба ўсё рабіць адразу, бо ніякага заўтра можа не быць. Яшчэ ўсё магчыма, нават калі здаецца, што гэта не так, трэба проста сабраць сілы ў кулак і зрабіць.

Думаю, што ўнутры я стаў мацнейшы. Чамусьці мне здаецца, што я псіхалагічна рыхтаваўся да гэтага ўсё жыццё. Кожны сам выбірае свой шлях, і ніхто не зробіць за цябе тыя крокі, якія ты павінен зрабіць, каб штосьці зразумець і чагосьці дабіцца ў жыцці.

Гэта ўсё адносіцца ў тым ліку і да Беларусі, да нас. Маю на ўвазе гэтае народнае «ўсё роўна будзе так, як напісалі», «а што гэта зменіць», «як скажа кіраўнік, так і будзе». Трэба гэта ўсё ў галовах у людзей змяняць, бо праз гэта ў нашай краіне адбываецца тое, што мы бачым, і такія, як Лукашэнка і Пуцін, прыходзяць да ўлады і потым так доўга ў ёй трымаюцца.

Там, на вайне, ты не разумееш логікі смерці. Калі ты бяжыш пад абстрэлам разам яшчэ з двума-трыма чалавекамі, чуеш шум ад выбуху міны і каля цябе падае паранены ці забіты чалавек, ты не разумееш, як аскепак ці куля выбралі яго, чаму ён, а не ты ці нехта іншы.

Аказваеш дапамогу, бяжыш далей, зноў выстрал і ты падаеш, зноў выбух і нехта паранены побач з табой.

Ёсць некаторыя рэчы, якія ты мусіш рабіць — падаць, дзе патрэбна, хавацца, паўзці, не разгубляцца. Гэта дапамагае выратаваць здароўе і жыццё, а ў такім выпадку ты застаешся працаздольны і выканаеш загад, які павінен выканаць.

Фота: архіў Паўла Шурмея

Якімі я ўбачыў рускіх? Апошнія падзеі ў Бахмуце ўсё паказалі. Кіраўніцтва Расіі, Пуцін не лічыць рускіх за народ, для іх гэта проста гарматнае мяса. Яны ідуць хвалямі, як оркі, як зомбі, і гінуць.

Ні пра якую афіцэрскую навуку і стратэгію там няма размовы, у іх адна стратэгія — бабы яшчэ панараджаюць.

Мы маем Лукашэнку, а яны маюць Пуціна. Расія мела Івана Жахлівага, Пятра І, Сталіна, і гэта іх нічому не навучыла. Разумею, што недзе ў Расіі ёсць нармальныя людзі, але пагоды яны не робяць.

Чаму? А чаму мы ў Беларусі не робім пагоды?

Палова Расіі, можа, не мае нармальнай прыбіральні, але едзе «вызваляць» Украіну ад нацызму.

«Свабода — гэта адказнасць, а людзі баяцца адказнасці»

Я яшчэ год таму казаў: мы адказныя за тое, што з нашай зямлі ў бок Украіны ляцелі ракеты, ішлі расійскія войскі.

Мы адказныя за тое, што Беларусь акупаваная і што столькі гадоў Лукашэнка ва ўладзе. Спачатку ён камусьці падабаўся, а потым мы казалі, маўляў, а што мы здольныя зрабіць. Мы за ўсё гэта адказныя.

Адказныя за тое, што шмат хто з нас сказаў: што там тая палітыка? Я яе не чапаю! Як любіў казаць Лукашэнка, чарка-скварка ёсць, ну і добра. Маўляў, паглядзіце, якія ў нас файныя дарогі, ва ўсіх ёсць праца, парадак. У Германіі ў 30-х гадах мінулага стагоддзя да ўлады прыйшоў чалавек, які таксама дарогі пабудаваў, працу ўсім даў, парадак навёў, але мы ўсе ведаем, чым гэта скончылася.

Свабода — гэта не значыць, што ты можаш рабіць тое, што захочаш, гэта адказнасць, а людзі баяцца адказнасці.

На жаль, у жніўні 2020-га мяне не было ў Беларусі, знаходзіўся ў Злучаных Штатах. Але назіраў за ўсім, бачыў, што тады адбывалася ў краіне, і мне было вельмі непроста. Людзі спадзяваліся, што калі Лукашэнка пабачыць, колькі народу прагаласавала супраць яго, ён сыдзе, але ў мяне такіх ілюзій не было.

Фота: архіў Паўла Шурмея

Маю сяброў, старэйшых за мяне, якія засталі савецкія часы і служылі ў Савецкай арміі. Яны выступалі супраць Лукашэнкі, але шмат гадоў казалі мне, што ў Расіі ўсё па-іншаму, чым у нас. Калі ў 2014 годзе ва Украіне пачалася вайна, казаў ім, што Лукашэнка — гэта лялька Пуціна, той яму дазваляе граць сваю гульню і трымае яго ва ўладзе. Яны не пагаджаліся. Прыйшоў 2020 год, і людзі мне кажуць, маўляў, калі б не Пуцін, мы здолелі б перамагчы! Мне здаецца, калі не палове беларусаў, то працэнтам 35 з іх дакладна быў патрэбны 2020 год, каб зразумець, хто такі Пуцін.

«Тэрор ГУБАЗіКа — толькі паказчык таго, наколькі яны нас баяцца»

Мы [ў палку] шмат жартавалі наконт маёй завочнай крыміналкі: маўляў, што рабіць, як замяць гэтую справу, можа хто ведае, каму патэлефанаваць? Можа, варта прыйсці пакаяцца да Азаронка? Спытаў яшчэ, колькі трэба браць з сабой тэрмабараў, зарадаў для РПГ.

Стаўлюся да гэтага проста, як і мы ўсе. Тыя, хто застанецца з ГУБАЗіКу, КДБ, — іх мы і будзем судзіць.

ГУБАЗіК цяпер ходзіць да родных ваяроў, так. Гэта звычайны фашызм, што там каментаваць? Гэта толькі паказчык таго, наколькі яны напужаныя і нас баяцца. Не думаю, што гэта паўплывае на кагосьці з нас. Тыя, хто вырашыў сюды прыехаць, разумеюць, што можа чакаць іх і іх родных.

Шкадую, што зрабіў недастаткова добрых спраў у адносінах да сваёй сям’і, да свайго жыцця, а калі казаць пра апошні год, то ў адносінах да вайны і вайсковай справы. Бачу, што ўсё можа скончыцца ў адно імгненне. Не трэба нікуды спяшацца, проста не варта нічога адкладаць на заўтра.

Я заўжды быў аптымістам, і цяпер аптыміст. Веру ў тое, што з перамогай Украіны мы здолеем хутка перамагчы Лукашэнку, вярнуцца дахаты і будаваць новую Беларусь, новае жыццё ў Беларусі са свабодным і адказным грамадствам.

Фота: архіў Паўла Шурмея

Хачу, каб як мага больш беларусаў, асабліва тыя, хто выехаў за мяжу, зразумелі, што ніхто за нас не зробіць нашу Беларусь вольнай, і рыхтаваліся да гэтага. Так, гэта вельмі непроста, але трэба гэта ўсвядоміць, і тады гэтыя крокі будзе прасцей зрабіць.

 

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Расказваем пра беларускага весляра, які паехаў ваяваць за Украіну

«Пытанне стаяла так: ці я еду, ці ніхто». Маналог камандзіра эвакуацыі палка Каліноўскага

Чаму расійская авіяцыя так слаба праявіла сябе ва Украіне: пяць памылак Пуціна

Каментары19

  • Пара-Леановіч
    23.03.2023
    Безумоўна без нас саміх краіну свабоднай за нас ніхто ня зробіць. Але ж нам патрэбна дапамога. Нам патрэбіцца дапамога, як і шмат якім іншым краінам, якія змагаліся за Волю. Беларусы змагаюцца за Свабоду з 1794 года па сёньня. Вораг дужа моцны, шматлікі, дужа цынічны і дзерзскі.
  • Собака Старкова
    23.03.2023
    А много хочет что-то менять? Все кто мог или в тюрьме или за границей. Можно и в однушке, в Бруклине, нормально жить.
  • Вам и автомат в руки
    23.03.2023
    Вообще не хочется. Все мимо.

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін9

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін

Усе навіны →
Усе навіны

Аргенцінскі падлетак напісаў план забойстваў па-беларуску і прынёс у школу зброю8

Брытанскі блогер, які змагаўся за беларускі ДНЖ і хадзіў да Кубракова, усё ж выехаў з Беларусі. Выпусцілі не з першай спробы15

Шрайбман адказвае, ці могуць перамовы па Украіне прайсці ў Беларусі9

Трамп заявіў, што чакае сустрэчы з Пуціным, каб хутчэй скончыць вайну ва Украіне15

Блогер паказаў, як выглядае найгоршая шаурма ў Мінску3

На вакзале ў Варшаве памёр беларус21

Некаторым катэгорыям кіроўцаў забаранілі карыстацца каршэрынгам на пяць гадоў1

Пуцін сустрэўся з прэм'ерам Славакіі Робертам Фіца19

«Мы бясконца смяёмся з Макса Каржа. А хто раскупіў усе квіткі на яго канцэрт?» Найлепшыя твіты тыдня3

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін9

Жываглод прызнала рассылку праз чат-бот «Сумленных людзей» карыстальнікам у Беларусі: Але не ў працоўны час, пасля 18 гадзін

Галоўнае
Усе навіны →