«Вісіць на валаску». Падзенне рэжыму Асада ставіць пад пагрозу расійскія аперацыі ў Афрыцы

Адзін са шляхоў, які Уладзімір Пуцін абраў для барацьбы з Захадам, быў апрабаваны яшчэ ў савецкі час — праз падтрымку рэжымаў у бедных краінах. Як і тады, лепш за ўсё гэта ўдалося ў Афрыцы, а дапамагла ў гэтым расійская прысутнасць у Сірыі, дыктатара якой Пуцін выратаваў ад паразы ў грамадзянскай вайне. Цяпер жа ўцёкі Асада пагражаюць Расіі стратай дзвюх вайсковых баз у Сірыі і вялікімі праблемамі на афрыканскім кірунку, піша The Moscow Times.

12.12.2024 / 16:45

Авіябаза Хмеймім у Сірыі. Фота: Мінабароны Расіі

Падзенне рэжыму Асада значна абцяжарыць ваенныя аперацыі Расіі ў Афрыцы, лічыць Ульф Лесінг, дырэктар праграмы «Сахель» (у гэты рэгіён уваходзяць, у прыватнасці, Буркіна-Фасо, Малі і Нігер, дзе актыўна дзейнічае Расія) у нямецкім аналітычным цэнтры Фонд Конрада Адэнаўэра.

«Усе палёты для забеспячэння наймітаў, ратацыі войскаў, дастаўкі боепрыпасаў і зброі ажыццяўляліся праз Сірыю», дзе ў Расіі знаходзіцца авіябаза, цытуе Лесінга Bloomberg:

«Ляцець з цалкам загружаным транспартным самалётам з Расіі ў Афрыку занадта далёка. Расіі прыйдзецца скараціць сваю дзейнасць у Афрыцы, і абыходзіцца яна будзе значна даражэй».

Спрабуючы аднавіць уплыў у краінах трэцяга свету, якія яшчэ СССР выкарыстаў для барацьбы з «заходнім імперыялізмам і каланіялізмам», Уладзімір Пуцін праз баевікоў Яўгенія Прыгожына, а цяпер і праз падведамасны Мінабароны Афрыканскі корпус усталяваў супрацоўніцтва з вайсковымі хунтамі ў шэрагу краін Чорнага кантынента.

Атрыманыя ў 2017 годзе ў арэнду на 47 гадоў марская і авіяцыйная базы ў Сірыі выкарыстоўваюцца для ўзаемадзеяння з дружалюбнымі ў дачыненні да Крамля афрыканскімі рэжымамі.

Ужо ў 2018 годзе паветраны мост праз авіябазу ў Хмейміме дазволіў баевікам з ПВК «Вагнер» высадзіцца ў Цэнтральнай Афрыканскай Рэспубліцы (ЦАР), каб абараніць яе прэзідэнта ад паўстанцаў. На наступны год вагнераўцы ўдзельнічалі ў спробе (няўдалай) ваеннага лідара ўсходняй Лівіі Халіфы Хафтара захапіць сталіцу краіны Трыпалі. Супрацоўніцтва з Хафтарам працягваецца ўжо на афіцыйным узроўні.

Акрамя таго, Расія спрабуе адыгрываць ролю ў ваенным канфлікце ў Судане. Праз Сірыю дастаўляюцца персанал і вайсковыя грузы ў Малі, Буркіна-Фасо і Нігер, дзе ў апошнія гады адбыліся ўзброеныя перавароты, а новыя ўлады разарвалі сувязі з Захадам.

База ў Хмейміме і порт у Тартусе, адзіная замежная вайскова-марская база Расіі, дазволілі ёй танна і эфектыўна пашырыць свой вайсковы, палітычны і эканамічны ўплыў у Афрыцы. Але цяпер у Маскве лічаць верагодным поўны сыход з Сірыі са стратай абедзвюх баз, пра гэта The Moscow Times расказалі два расійскія дыпламаты на ўмовах ананімнасці.

Расійскі вайсковы кантынгент быў заблакаваны ў месцах дыслакацыі пасля таго, як апазіцыйныя сілы ўсталявалі поўны кантроль над тэрыторыямі, дзе знаходзяцца Тартус і Хмеймім.

Пакуль што самалёты, верталёты і абсталяванне застаюцца на авіябазе, але караблі ў апошнія дні пакінулі порт, хоць два фрэгаты знаходзяцца ў 7-12 кіламетрах ад берага, піша Bloomberg са спасылкай на спадарожнікавыя здымкі кампаніі Maxar.

«Расіяне не хочуць, каб па іх ударылі, таму адвялі іх у мора», — сказала пра караблі спецыялістка па расійскіх узброеных сілах Дара Масікот, старшы навуковы супрацоўнік Берлінскага цэнтра Карнэгі па вывучэнні Расіі і Еўразіі. Эвакуацыя, па яе словах, пакуль не ідзе. Калі б яна пачалася, у Хмеймім прыляцела б шмат «Ільюшыных» і «Антонавых», г. зн. грузавых самалётаў, у Тартус прыйшло б больш караблёў, «каб дапамагчы вывезці рэчы», сказала Масікот Financial Times.

«Расія, відавочна хацела б захаваць хоць бы сімвалічную прысутнасць на гэтых базах, каб яе параза не выглядала такой відавочнай. Але адбудзецца гэта ці не, залежыць ад таго, як будзе развівацца палітычны працэс у самой Сірыі», — лічыць спецыяліст па расійскіх узброеных сілах Павел Лузін, запрошаны супрацоўнік Школы права і дыпламатыі Флетчара пры Універсітэце Тафтса.

Без падтрымкі ў Сірыі Расіі давядзецца перабудоўваць усю сістэму працы ў Афрыцы, сказаў Bloomberg Анас эль-Гамаці, дырэктар лівійскага аналітычнага цэнтра Інстытут Садэка:

«Без надзейнага паветранага моста здольнасць Расіі праецыраваць сваю сілу ў Афрыцы бурыцца. Уся яе аператыўная стратэгія ў Міжземнамор'і і Афрыцы вісіць на валаску».

Калі Расія пазбавіцца магчымасці ў поўнай ступені выкарыстаць авіябазу ў Хмейміме, гэта стане «істотнай стратай» для афрыканскіх аперацый, дадае Руслан Пухаў, дырэктар Цэнтра аналізу стратэгій і тэхналогій:

«Усе пастаўкі ішлі праз Хмеймім, гэта асабліва важна для краіны без порта, такой як ЦАР».

Фідэль Гуанджыка, дарадца прэзідэнта ЦАР, праўда, запэўнівае, што ў Расіі «ёсць план Б», хай гэта будуць авіяпастаўкі праз Лівію або доступ у ЦАР праз парты Камеруна або Конга са сталіцай у Бразавілі. Гуанджыка дадаў, што ЦАР гатовая дапамагчы Крамлю ў дастаўцы грузаў і салдат з Расіі ў іншыя краіны Сахеля.

Па словах экспертаў, частку авіяцыйных аперацый сапраўды можна было б перанесці ў Лівію, размешчаную прыкладна за 1500 кіламетраў на паўднёвы захад, адзначае «Радыё Свабода». Але перакідаць туды з Расіі грузавыя самалёты з цяжкім узбраеннем будзе складаней, нават калі дапусціць, што Масква зможа атрымаць права на іх пралёт у Турцыі, якая мае іншыя інтарэсы на Блізкім Усходзе і ў Афрыцы.

Стратай Сірыі і ўплыву ў Афрыцы справа можа не абмежавацца. Падзенне Асада — гэта «сур'ёзны ўдар па прэтэнзіях Расіі на тое, каб заставацца глабальнай дзяржавай з пункту гледжання захавання вайсковага і палітычнага ўплыву за мяжой», лічыць Хамідрэза Азізі, навуковы супрацоўнік Нямецкага інстытута міжнародных адносін і бяспекі. Пасля гэтага краіны ў іншых рэгіёнах, такіх як Лацінская Амерыка і Афрыка, могуць «пачаць пераасэнсоўваць свае сувязі з Расіяй і залежнасць ад яе», мяркуе ён.

Палкоўнік з Вайсковай акадэміі Беларусі: Тое, што адбываецца ў Сірыі, гэта параза Расіі

Сірыйскія паўстанцы атрымлівалі і беларускую зброю

У сірыйскай Латакіі спалілі труну з целам бацькі Башара Асада

Сірыя была фабрыкай каптагону, «какаіну для бедных». Пасля падзення рэжыму стала ясна, дзе яго выраблялі

Дзеяч апазіцыі ўзначаліў пераходны ўрад краіны Сірыі

Крах рэжыму за 11 дзён. Чаму армія Асада так хутка развалілася?

Nashaniva.com