Сірыя была фабрыкай каптагону, «какаіну для бедных». Пасля падзення рэжыму стала ясна, дзе яго выраблялі
Ва ўмовах санкцый рэжым Асада знайшоў крыніцу пастаяннага даходу і ўплыву на суседзяў.
Каптагон — гандлёвая назва лабараторнага прэпарату, упершыню сінтэзаванага ў 1960-х гадах у якасці альтэрнатывы амфетаміну і метамфетаміну, якія ў той час выкарыстоўвалі для лячэння наркалепсіі, стомленасці і разладаў паводзін. Прэпарат таксама выклікае эйфарыю, што робіць яго ідэальным «баявым стымулятарам».
Каптагон у апошнія гады стаў упадабаным наркотыкам сярод маладых людзей па ўсім Блізкім Усходзе і галаўным болем сістэмы аховы здароўя. Ён моцна распаўсюдзіўся ў такіх краінах, як Саудаўская Аравія і Аб'яднаныя Арабскія Эміраты, дзе забаронены алкаголь. Залежнасць ад каптагону нараджае спектр праблем са здароўем, ад бяссонніцы і дэпрэсіі да галюцынацый і праблем з сэрцам.
Як піша The Washington Post, да пачатку грамадзянскай вайны ў Сірыі, да 2011 года, каптагон разглядаўся як нішавы прадукт для невялікага кола спажыўцоў, якім гандлявала невялікая колькасць злачынных груповак у Ліване і Турцыі. Але прыкладна з 2018 года саматужная вытворчасць наркотыку ў Ліване распаўсюдзілася на некалькі сірыйскіх гарадоў у прыгранічным раёне на поўнач ад Дамаска.
Ключавой фігурай, паводле санкцыйных дакументаў Міністэрства фінансаў ЗША, быў Хасан Даку, грамадзянін Сірыі і Лівана і былы аўтадылер, які пачаў скупляць нерухомасць абапал мяжы для вытворчых цэнтраў і складоў. Даку стварыў сапраўдную наркаімперыю — наўрад ці ў такіх краінах, як Сірыя і Ліван, гэта было б магчыма без спрыяння сілавікоў.
Па словах амерыканскіх і блізкаўсходніх чыноўнікаў, за ім стаялі аператыўнікі ліванскай ісламісцкай групоўкі «Хезбала», а таксама найвышэйшае кіраўніцтва Сірыі. Сярод іх брат Башара Асада Махер аль-Асад, камандуючы 4-й бранятанкавай дывізіяй сірыйскай арміі. Акрамя яго, сярод ключавых фігур называліся імёны некалькіх стрыечных братоў Асада і бізнэсоўцаў, блізкіх да сірыйскага лідара.
Большая частка таблетак выраблялася ў раёнах, якія кантраляваліся рэжымам, і перамяшчалася праз межы і марскія парты, якія кантраляваліся ўрадам.
Паводле звестак разведкі ЗША, 4-я дывізія Махера аль-Асада была актыўным удзельнікам гандлю каптагонам як мінімум з 2020 года, кантралюючы размеркавальныя і транспартныя вузлы, уключаючы порт Латакіі на сірыйскім узбярэжжы. Сірыйскі кантроль над аперацыямі ўзмацніўся пасля таго, як у 2021 годзе Даку за незаконнае абарачэнне наркотыкаў арыштавалі ў Ліване.
Па словах афіцыйных асоб ЗША, апошнія гады Сірыя забяспечвала каля 80% сусветных паставак каптагону.
Інгрэдыенты для наркотыку, сярод якіх амфетамін, легальна набываліся ў некалькіх краінах, у тым ліку Іране і Індыі, і імпартаваліся праз Латакію. Хімічныя рэчывы-прэкурсоры змешваліся на заводах і прэсаваліся ў таблеткі з характэрным лагатыпам у выглядзе падвойнай літары «С».
Вытворчасць каптагону ў Сірыі была пастаўлена на прамысловы ўзровень. Таблеткі рабіліся не на мабільных аб'ектах, а на стацыянарных заводах.
Забяспечвалася ахова вытворчасці і свабоднае перамяшчэнне да меж.
На думку шэрагу аналітыкаў, эканоміка краіны, разбураная шматгадовай вайной, падтрымлівалася на плыву шмат у чым дзякуючы гандлю каптагонам. Пры гэтым маштаб даходаў ад наркагандлю значна перавышаў дзяржбюджэт.
Даследаванне 2023 года паказала, што прэпарат мог прыносіць рэжыму Асада каля 2,4 мільярда долараў за год, што значна перавышала даходы з любой іншай законнай або незаконнай крыніцы.
Рэжым Асада, на думку аналітыкаў, выкарыстоўваў каптагон у якасці рычага шантажу іншых арабскіх дзяржаў, прапаноўваючы выбарачна абмяжоўваць паток наркотыкаў узамен за нармалізацыі адносін з Сірыяй — так як некаторыя іншыя дыктатуры выкарыстоўваюць патокі мігрантаў і кантрабанду цыгарэт.
У маі 2023 года Асада зноў прынялі ў Лігу арабскіх дзяржаў пасля больш як дзесяцігадовай ізаляцыі — часткова таму, што краіны Персідскага заліву былі кроўна зацікаўелныя ў супрацы для спынення кантрабанды каптагону.
Урад Асада неаднаразова адмаўляў сваё дачыненне да незаконнага абароту наркотыкаў, а ў 2022 годзе аб'явіў аб арыштах некалькіх дробных гандляроў наркотыкамі і канфіскацыі некалькіх партый таблетак.
У 2023 годзе Вялікабрытанія, ЗША і Еўрапейскі саюз увялі санкцыі супраць людзей, якія падазраюцца ў датычнасці да гандлю каптагонам. Сярод іх былі двое стрыечных братоў Асада.
WOW! Now that is what @CarolineRose8 and I have been saying for years: industrial-scale captagon production happened exclusively in regime-held Syria. pic.twitter.com/Vg62FNnbi6
На відэа паказаны адзін з заводаў па вытворчасці каптагону, захоплены паўстанцамі.
Паўстанцы выявілі лабараторыі па вытворчасці каптагону ў сірыйскіх прыбярэжных раёнах, цэнтральнай правінцыі Хомс і Дамаску і яго прыгарадах.
Millions of Captagon pills have been discovered near Mazzeh Military Airport in Syria following the fall of President Bashar al-Assad.#Syria #Captagon pic.twitter.com/ApFwAbfsN8
Так, мільёны таблетак каптагону знайшлі каля вайсковага аэрадрома Мэзэ ў Дамаску — прытым што авіяцыя ў Сірыі традыцыйна была элітнай часткай арміі, бо лётчыкам быў Хафэз Асад. Гэта быў толькі адзін з аб'ектаў, раскіданых па краіне.
На думку аналітыкаў, зараз усё залежыць ад волі новага ўрада: яго вытворчасць і экспарт немагчымыя без пратэкцыі зверху.
Каментары