Свет77

Крах рэжыму за 11 дзён. Чаму армія Асада так хутка развалілася?

Наступленне паўстанцаў у Сірыі было нечаканым для большасці назіральнікаў. Але не меншы сюрпрыз — імклівы крах урадавай арміі: войскі кінулі свае базы і зброю, не стаўшы абараняць рэжым сям'і Асадаў, якая кіравала краінай больш за 50 гадоў. Чаму так адбылося, піша Бі-бі-сі.

Фота: AP Photo/Hussein Malla

На працягу апошніх чатырох гадоў здавалася, што грамадзянская вайна фактычна скончылася. Урад Асада аднавіў кантроль над большай часткай сірыйскай тэрыторыі з дапамогай Расіі, Ірана і апалчэнцаў, якія падтрымліваліся Іранам, такіх як групоўка «Хезбала».

Амаль усе лініі фронту былі замарожаныя. Аднак значная тэрыторыя па-ранейшаму заставалася па-за кантролем урада. На мяжы з Турцыяй, у паўночнай частцы правінцый Ідліб і Алепа, дамінавалі паўстанцы: джыхадзісцкая групоўка «Хаят Тахрыр аш-Шам» і пратурэцкая Сірыйская нацыянальная (былая народная) армія.

Наколькі магутнай была сірыйская армія?

Да пачатку 2024 года колькасць Сірыйскай арабскай арміі (урадавых Узброеных сіл) ацэньвалася экспертамі ў 130 тыс. чалавек. У яе распараджэнні былі тысячы адзінак бранятэхнікі, артылерыйскія і ракетныя сістэмы, а таксама авіяцыя.

Да грамадзянскай вайны, якая пачалася ў 2011 годзе, сірыйская армія лічылася адной з самых магутных у арабскіх дзяржавах. Але пасля армія значна аслабла. САА страціла значную частку жывой сілы: многія загінулі ў баях, іншыя дэзерціравалі або перайшлі на бок апазіцыйных груповак, перш за ўсё Сірыйскай нацыянальнай арміі. Вайскова-паветраныя сілы таксама панеслі значныя страты ў выніку грамадзянскай вайны і амерыканскіх авіяўдараў.

Нізкія заробкі

Эканамічная сітуацыя ў Сірыі ў апошнія гады была не найлепшай. Краіна была разбураная пасля грамадзянскай вайны. Але горш за ўсё прыйшлося раёнам, якія знаходзіліся пад кантролем урада Асада.

У снежні 2019 года прэзідэнт ЗША падпісаў так званы «Акт Цэзара» — дакумент, які ўводзіў эканамічныя санкцыі ў дачыненні да любых дзяржаўных органаў або асоб, якія маюць справу з сірыйскім урадам.

Сітуацыя ў Сірыі істотна змянілася за апошнія тры гады, патлумачыў Арабскай службе Бі-бі-сі прафесар Лонданскага ўніверсітэта Фаваз Гергес. Адна з галоўных прычын, на яго думку, «амерыканскія санкцыі, якія прывялі да збяднення сірыйскага народа і, у прыватнасці, вайсковых афіцэраў. Ёсць паведамленні, якія сведчаць, што салдаты не атрымлівалі заробку».

Паведамлялася таксама, што салдаты ўрадавай арміі атрымлівалі прыкладна па 15-17 даляраў на месяц, чаго, па словах суразмоўцаў Арабскай службы Бі-бі-сі, «не хапае нават на тры дні».

У мінулую сераду, калі наступ паўстанцаў быў у самым разгары, сірыйскае дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва паведаміла пра ўказ Асада аб павышэнні заробкаў салдатам на 50%. Відавочна, гэтая мера была накіраваная на павышэнне маральнага духу салдат. Але, падобна, гэты крок быў зроблены занадта позна.

Гісторык і журналістка Эн Эплбаум лічыць, што рэжым, магчыма, недаацаніў бядотнае становішча сілавых структур.

«У кожнай дыктатуры ёсць адно і тое ж слабое месца: салдаты і паліцэйскія таксама з'яўляюцца прадстаўнікамі грамадства. Эліта можа жыць пад санкцыямі, красці грошы, а пасля выкарыстоўваць міжнародныя афшоры. Але простыя людзі ў такіх месцах, як Сірыя, робяцца ўсё бяднейшымі і бяднейшымі».

Акрамя таго, піша Эплбаум, сваякі і сябры салдат дакладна гэтак жа сама падвяргаліся рэпрэсіям, як і астатнія сірыйцы.

«Як толькі гэтыя салдаты ўбачылі, што рэжым занадта слабы, каб супраціўляцца, як толькі яны зразумелі, што ён больш не абароніць іх ад гневу іх стрыечных братоў і сяброў, якія скідаюць статуі з п'едэсталаў, — яны перайшлі на іншы бок».

Залежнасць ад саюзнікаў

«Праблемы, пра якія гаварылі і раней, аказаліся значна больш глыбокімі. Пасля перамір'я 2020 года, па якім баевікі эвакуяваліся ў зону Ідліба, Асад спачываў на лаўрах. Ён лічыў, што схапіў Бога за бараду. Нейкіх палітычных рэформаў не было, нейкага эканамічнага паляпшэння ў краіне не было. Армія не ўзмацнялася, не рыхтавалася. Ён лічыў, што раз Расія і Іран выратавалі, значыць, далей усё будзе добра, можна асабліва не напружвацца», — тлумачыць Бі-бі-сі ізраільскі вайсковы эксперт Давід Гендэльман.

Адказнасць за крах сірыйскай арміі нясе персанальна Башар Асад, упэўнены супрацоўнік Блізкаўсходняга цэнтра Карнегі ў Бейруце Язід Саіг. Сярод прычын скрышальнай паразы ён называе масавае дэзерцірства, агульнае пагаршэнне ўзроўню жыцця, паўсюдную карупцыю і перабоі з пастаўкамі ежы для вайскоўцаў. Усё гэта падарвала лаяльнасць арміі Асаду — нават сярод алавітаў, якіх, як правіла, прызначалі на кіраўнічыя пасады.

У выніку падчас баёў за Алепа, Хаму і Хомс салдаты і афіцэры раптам адступілі, пакідаючы проста на дарогах вайсковую тэхніку і ўзбраенне. Карэспандэнтка Бі-бі-сі ў Дамаску Барбара Плет-Ашэр паведамляла, што ў сталіцы Сірыі салдаты пазбаўляліся ад зброі і пераапраналіся ў цывільнае.

Брытанскі вайсковы эксперт Майкл Кларк мяркуе, што велізарныя аб'ёмы вайсковай дапамогі, якую сірыйскія ўлады атрымлівалі ад сваіх замежных саюзнікаў, паставілі Асада ў залежнае становішча. Ён грэбаваў важнасцю ўласнай арміі, таму

«ўзровень падрыхтоўкі вайскоўцаў значна пагоршыўся, як і лідарскія якасці афіцэраў. Калі падраздзяленні Сірыйскай арабскай арміі сутыкнуліся з «Хаят Тахрыр аш-Шам», многія афіцэры, відаць, адступілі, а некаторыя пабеглі».

А калі бягуць афіцэры, то не дзіва, што гэтак жа робяць і салдаты, расказаў Бі-бі-сі Майкл Кларк.

У саюзнікаў знайшліся больш важныя справы

Усе апошнія гады галоўнымі саюзнікамі Асада былі Расія і Іран. Іран пры гэтым пры вядзенні непасрэдных баявых дзеянняў у большай ступені спадзяваўся на «Хезбалу», адзначае Язід Саіг з Блізкаўсходняга цэнтра Карнегі.

Тэгеран таксама страціў шмат афіцэраў і ваенных дарадцаў у выніку ізраільскіх нападаў, а шырокамаштабная падтрымка непасрэдна ад Ірана была немагчымая з-за пастаяннага кантролю за перамяшчэннямі па сушы і па паветры з боку ЗША і Ізраіля. Таму галоўная надзея ўскладалася на атрады праіранскіх апалчэнцаў з Лівана і Ірака.

«Хезбала», у сваю чаргу, пасля таго, як Ізраіль фактычна пазбавіў арганізацыю кіраўніцтва і перайшоў ліванскую мяжу, была вымушаная адцягнуць свае сілы з Сірыі. Расія ж з 2022 года засяродзілася на вайне з Украінай і вывела значную частку авіяцыі са сваіх баз на міжземнаморскім узбярэжжы. А ў Сірыю сталі адпраўляць генералаў, якія праштрафіліся падчас баявых дзеянняў ва Украіне.

Спыненне вайсковай, арганізацыйнай і кіраўнічай падтрымкі з боку Ірана, «Хезбалы» і Расіі «было адной з фундаментальных прычын, якія прывялі да такога хуткага падзення сірыйскіх гарадоў», мяркуе Фаваз Гергес з Лонданскага ўніверсітэта.

Сіла паўстанцаў

Нарэшце, яшчэ адна важная прычына краху сірыйскай арміі — арганізаванасць паўстанцаў. Ісламісты з «Хаят Тахрыр аш-Шам» і пратурэцкія фарміраванні Сірыйскай нацыянальнай арміі змаглі аб'яднацца і стварыць агульны камандны цэнтр, які спланаваў аперацыю.

Акрамя таго, на думку экспертаў, важную ролю адыграла і рыторыка паўстанцаў: лідар «Хаят Тахрыр аш-Шам» Абу Махамед аль-Джулані пастаянна супакойваў цывільнае насельніцтва і запэўніваў усіх у імкненні да захавання рэлігійных і грамадзянскіх свабод. Гэта не дапамагло пазбегнуць уцёкаў дзясяткаў тысяч сірыйцаў у суседні Ліван, але забяспечыла перавагу над арміяй Асада падчас імклівага наступу.

Каментары7

  • апошні інспэктар
    09.12.2024
    беларускім вайскоўцам трэба заблёкаваць кадэбістаў і ісьці на сіпатага. вова не перашкодзіць, бо патрабуе армію ва Украіне і да таго ж ведае беларусаў. Хрэнін, падумай, станеш гэроем.
  • Ганьба
    09.12.2024
    Хто разумны, растлумачце, чаму санкцыі супраць Сірыі за пяць год ператварылі салдат у жабракоў, а санкцыі супраць лукі нічога падобнага не зрабілі?
  • Маскоўская Імперыя вырабляе менш з 1 % сусветнай эканоміцы , карабах, Малдова , абхазія, сірыя...
    09.12.2024
    Бі-бі-сі лявацкая кодла там спросту не можа быць якаснай аналітыкі .

    адказ (Геаграфічны ) вельмі просты , час імперый прыйшоў , 10% Алавітаў не могуць бясконца нагінаць 90% . Цікава, што жыхары масквы гэта таксама 10% насельніцтва Маскоўскай імперыі. Маскоўская Імперыя вырабляе менш з 1 % сусветнай эканоміцы , карабах, Малдова , абхазія, сірыя, маскоўская ІМПЕРЫЯ не цягне Больш , яна стратэгічна расцягнута як савок быў ў 1985 ці Ассад у 2024. ... Таму Маскоўская імперыя рухаецца да 1991 & 1917 . ДАДАМ да акупацыі Маскоўскім ханствам (імперый ) наш дзяржавы ВКЛ ў канцы 18с, 85 % Літвінаў-Беларусаў Былі Уніятамі
 
Націсканне кнопкі «Дадаць каментар» азначае згоду з рэкамендацыямі па абмеркаванні.

Цяпер чытаюць

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць12

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Усе навіны →
Усе навіны

Зяленскі расказаў пра план па заканчэнні вайны і чырвоныя лініі для Украіны8

У Мінску з'явіцца дзіцячы садок у стылі дзіцячага канструктара1

З 15 сакавіка падаражэе паліва, і гэта пачатак вялікай карэкціроўкі цэнаў2

Якія праблемы грамадства мог бы вырашыць Турчын, калі б ён быў лібералам у цэнтры сістэмы? І ці мог бы?7

У Беларусі ВНУ незаконна збірала даныя студэнтаў — умяшаліся дзяржорганы. Вы такія даныя, імаверна, таксама давалі1

У Віцебску кот-герой абараніў сваю гаспадыню ад ядавітай змяі8

Далай-лама распавёў у сваёй кнізе, што ягоны пераемнік павінен нарадзіцца за межамі Кітая1

Гігін расказаў, што зменіцца практыка пакарання за распаўсюд «экстрэмісцкіх» матэрыялаў13

У Тадэвуша Кандрусевіча значна пагоршаў стан здароўя4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць12

Усе камеры на дарогах пачалі лавіць аўто не толькі за хуткасць

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць