Пуцін назваў кампазітара Пахмутаву Аляксандрай Мікалаевічам Патрушавым

Уручаючы дзяржаўныя ўзнагароды, Пуцін пераблытаў вядомую савецкую кампазітарку з былым дырэктарам ФСБ.

12.12.2024 / 17:09

Уладзімір Пуцін прысвоіў вядомай савецкай кампазітарцы Аляксандры Пахмутавай званне Героя Працы. Аднак афіцыйнае мерапрыемства прайшло не без казуса.

Выступаючы перад узнагароджанымі, Пуцін пераблытаў 95-гадовую кампазітарку, аўтарку сярод іншага песні «Белавежская пушча» са сваім блізкім паплечнікам, былым дырэктарам ФСБ Мікалаем Патрушавым, заўважыла «Агенцтва».

«Вядома, не магу не сказаць пра ўсенародна любімую Аляксандру Мікалаевіча Патрушава», — сказаў Пуцін. Пасля запінкі ён сам сябе выправіў.

Аляксандра Пахмутава. Скрыншот з відэа

Мікалай Патрушаў лічыцца адным з найбліжэйшых да Уладзіміра Пуціна людзей. Ён доўгі час займаў кіраўнічыя пасады ў сілавых структурах, у тым ліку кіраваў ФСБ і быў сакратаром Рады бяспекі.

Пуцін у апошнія гады часта агаворваецца, калі гаворка ідзе пра нечыя імёны. Хрэстаматыйнай стала «барацьба» расійскага кіраўніка з іменем па бацьку прэзідэнта Казахстана Касыма-Жамарта Такаева.

На працягу некалькіх гадоў на сумесных мерапрыемствах Пуцін ніяк не мог вымавіць імя па бацьку Кемелевіч, называючы калегу то Ішамільевічам, то Келем'евічам, то наогул прагаворваючы скарагаворкай, каб нічога нельга было разабраць.

Лукашэнка ўзнагародзіў 95-гадовую Аляксандру Пахмутаву ордэнам

Памёр легендарны савецкі паэт-песеннік Мікалай Дабранраваў

Палітолаг патлумачыла, што значыць прамова прэзідэнта Казахстана перад Пуціным па-казахску

Прэзідэнт Казахстана звярнуўся да Пуціна і расейскай дэлегацыі на казахскай мове. Зірніце на твары расіян

Nashaniva.com