Ягораў перападлічыў суму, якая пайшла бізнэсу з дапамогі Еўрасаюза: Гэта менш, чым я казаў раней, ад сілы 4-7%
Былы спікер Каардынацыйнай рады Андрэй Ягораў яшчэ раз адказаў на абвінавачанні Паўла Латушкі адносна размеркавання грошай ад ЕС.
17.12.2024 / 15:26
Андрэй Ягораў і Павел Латушка. Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай, «Наша Ніва»
Нагадаем, раней кіраўнік Народнага антыкрызіснага ўпраўлення і намеснік кіраўніка Аб'яднанага пераходнага кабінета Павел Латушка заявіў, што за размеркаванне грошай, якія дэмакратычныя сілы Беларусі атрымлівалі ад ЕС, да нядаўняга часу адказваў Андрэй Ягораў. І што нібыта каля 30% сродкаў, выдзеленых ЕС беларускай грамадзянскай супольнасці, ішлі на бізнэс.
Сам жа былы спікер Каардынацыйнай рады сцвярджае, што не быў адказным за размеркаванне сродкаў Еўрасаюза. Іх размяркоўвае сам ЕС. А на бізнэс з таго пакета дапамогі пайшло 10-15%.
У інтэрв'ю Malanka.media Ягораў удакладніў сітуацыю:
«Першапачаткова Еўрапейскі Саюз прапанаваў кансультацыі па дапамозе для Беларусі. Уласна, я прыдумаў антыкарупцыйную схему, каб свае патрэбы вызначалі самі беларускія арганізацыі і ініцыятывы, а не Офіс Святланы Ціханоўскай ці Павел Латушка, ці я, ці яшчэ нехта. У гэтых кансультацыях удзельнічаюць больш за 60 арганізацый, якія вызначаюць патрэбы канкрэтнага сектара.
Менавіта яны лічаць. Я гэтых патрэб, гэтых лічбаў ніколі не вызначаў. (…) Рашэнне, колькі вылучыць, усё роўна заўсёды толькі заставалася за Еўрасаюзам. Іх размяркоўвае Еўрапейскі Саюз, гэта грошы іх падаткаплацельшчыкаў Еўрапейскага Саюза».
У працэс прыняцця рашэння, заўважае Ягораў, уцягнутыя дзясяткі арганізацый, бяруць удзел некалькі сотняў людзей. Даныя даступныя для ўсіх структур дэмакратычных сіл.
«Працэс можа быць абмежаваны з пункту гледжання таго, што шырокія масы людзей не могуць у гэтым удзельнічаць. Вы разумееце самі — існуюць і праблемы бяспекі, і праблемы кваліфікацыі», — заўважае Ягораў.
Ён удакладніў суму, якая пайшла на бізнэс.
«Цяпер па гэтых адкрытых крыніцах (тым, што публікуе ЕС — НН) можна меркаваць, што беларускі бізнэс атрымаў з 2020 года каля 5,5 мільёна еўра.
Нават я быў занадта аптымістычны ў сваіх экспертных ацэнках. Гэта значна менш за тыя 10-15%, пра якія я казаў. [Насамрэч беларускі бізнэс атрымаў] ад сілы 4-7% ад усіх аб'ёмаў», — заўважае Ягораў.
Не абышоў ён і асобу Паўла Латушкі. Па яго словах, «Латушка як выхадзец з сістэмы Лукашэнкі пераходзіць абсалютна ўсе межы этыкі ў барацьбе з тымі, у каго адрознае ад яго меркаванне. Хіба што рэсурсаў не хапае, каб дубінкамі разагнаць тых, хто думае інакш».
Бізнэсу аддалі 10-15% ад дапамогі Еўрасаюза Беларусі — Ягораў адказвае на крытыку з боку Латушкі