Улады пашырылі «экстрэмісцкае фармаванне» праекта «Зеркало». Такой фармулёўкі раней не было

17 снежня ў пераліку «экстрэмісцкіх фармаванняў» на сайце Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі ўжо другі раз быў згаданы медыяпраект «Зеркало». Прычым з пазнакай, якая сустракаецца ў гэтым спісе ўпершыню: «Дапаўненне ў экстрэмісцкае фармаванне «Зеркало / Zerkalo.io», піша Беларуская асацыяцыя журналістаў.

17.12.2024 / 20:03

Фота: «Зеркало»

Паводле абвесткі на сайце, адпаведнае рашэнне «Аб прызнанні групы грамадзян экстрэміскім фармаваннем і забароне ягонай дзейнасці» было прынятае МУС 17 снежня і ў гэты ж дзень уступіла ў законную сілу.

Згодна з гэтым рашэннем, у пераліку на сайце ведамства згадваюцца асобы, якія нібыта здзяйснялі «экстрэмісцкую дзейнасць» на некалькіх пляцоўках у тыктоку.

Асобна згаданы лагатып — «у выглядзе фармалізаванай выявы белага голуба, які трымае галінку, на чырвоным фоне». Апісанне гэтага лагатыпа сустракаецца ў «экстрэмісцкім» пераліку МУС ужо другі раз.

Упершыню медыяпраект «Зеркало» быў згаданы ў пераліку «экстрэмісцкіх фармаванняў» 12 чэрвеня 2023 года. Рашэнне пра гэта Міністэрствам унутраных справаў было прынята на тры дні раней — 9 чэрвеня.

У ім не было згадак пра канкрэтных асобаў, але пералічваліся інтэрнэт-рэсурсы, афіляваныя з праектам: інтэрнэт-сайт, некалькі тэлеграм-каналаў, канал на відэасервісе YouTube, старонкі ў сацыяльных сетках «ВКонтакте», «Одноклассники», Facebook, Twitter, Instagram і нават аплікацыя для мабільных тэлефонаў.

Яшчэ да таго, як медыяпраект трапіў пералік «экстрэмісцкіх фармаванняў», кантэнт сайта і сацыяльных сетак «Зеркала» быў прызнаны «экстрэмісцкай інфармацыйнай прадукцыяй». Адбылося гэта яшчэ ў жніўні 2021 года.

Экстрэмісцкім фарміраваннем упершыню прызналі тэатральную трупу

s13ru і «Письмо.бел» прызналі экстрэмісцкімі фармаваннямі

Мінінфармацыі патлумачыла, чаму ў Беларусі пакуль не будуць забараняць сацсеткі

Генпракуратура абяцае не караць аўтара роліка ў тыктоку, калі «экстрэмісцкі» рэсурс выкарыстае гэта відэа

Nashaniva.com