Аўтагіганты «Хонда», «Нісан» і «Міцубісі» рыхтуюць гістарычнае зліццё
Пра гэта заявілі генеральныя дырэктары трох кампаній на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Токіа. Гістарычная здзелка ў выпадку поспеху можа вывесці новае аб'яднанне ў топ-3 аўтавытворцаў свету.
24.12.2024 / 09:57
Гендырэктар Nissan Motor Макота Уціда (злева), гендырэктар Honda Тасіхіра Мібэ (у цэнтры) і гендырэктар Mitsubishi Motors Такаа Ката (справа). Фота: Eugene Hoshiko / AP
Два вядучыя японскія аўтавытворцы, Honda і Nissan, падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні, адкрываючы шлях да найбуйнейшага ў гісторыі Японіі зліцця аўтамабільных кампаній. У перамовы аб аб'яднанні можа ўвайсці і аўтагігант Mitsubishi Motors, які з 2016 года знаходзіцца ў альянсе з Nissan. Кампанія падпісала асобны мемарандум і вырашыць свой удзел у перамовах у найбліжэйшы месяц, паведамляе выданне The Financial Times.
Генеральныя дырэктары трох кампаній на сумеснай прэс-канферэнцыі ў Токіа абвясцілі пра намер завяршыць перамовы да чэрвеня 2025 года і ў выпадку поспеху стварыць аб'яднаную холдынгавую кампанію да жніўня 2026 года, якая зойме трэцяе месца ў свеце па аб’ёме гадавых продажаў аўтамабіляў — больш за 8 млн адзінак.
Паводле бягучай рынкавай капіталізацыі, кошт аб’яднанага холдынгу Honda і Nissan складзе $54 млрд, а з улікам Mitsubishi — $58 млрд. Тым не менш, нават пасля зліцця кампанія будзе значна саступаць найбуйнейшаму ў свеце аўтаканцэрну Toyota, які ацэньваецца ў $287 млрд.
Як адзначаюць японскія ўлады, якія публічна падтрымалі ідэю аб'яднання трох кампаній яшчэ ў 2020 годзе, зліццё аўтагігантаў дапаможа абараніць нацыянальную прамысловасць і ўмацаваць яе канкурэнтаздольнасць, асабліва на фоне эканамічнай экспансіі Кітая.
Многія бізнэс-аналітыкі, як піша The Financial Times, называюць анансаванае аб'яднанне Honda, Nissan і Mitsubishi даўно наспелым рашэннем, «якое не толькі перафарматуе сусветны аўтамабільны рынак, але і задасць новыя стандарты эфектыўнасці і інавацый у галіне».
За год колькасць электрамабіляў у Беларусі ўзрасла больш чым удвая
У Мінску прадаюць легендарны Ford Mustang 1965 года. Колькі просяць за рэтра-аўто?
Як барацьба за экалогію і санкцыі прывялі еўрапейскі аўтапрам да крызісу