Шэф ChatGPT пра Маска: «Хам і хуліган, але і прадпрымальнік легендарны»
Барацьба за OpenAI паказвае, наколькі перспектыўная гэта сфера — штучны інтэлект.
28.12.2024 / 16:15
Генеральны дырэктар OpenAI Сэм Альтман. Фота: Bryan R. Smith / Pool Photo via AP
Адносіны паміж сузаснавальнікамі OpenAI, Сэмам Альтманам і Іланам Маскам, ужо даўно прыцягваюць увагу. Іх шлях пачынаўся з партнёрства, але паступова ператварыўся ў адкрытую канкурэнцыю і юрыдычныя спрэчкі.
У нядаўнім інтэрв'ю для The Free Press Альтман назваў Маска «хуліганам» і «хамам». Аднак ён прызнаў, што Маск адыграў важную ролю на пачатковым этапе OpenAI, назваўшы яго «легендарным прадпрымальнікам».
OpenAI было створана ў 2015 годзе як некамерцыйная арганізацыя для развіцця штучнага інтэлекту «на карысць чалавецтва». Ілан Маск і Сэм Альтман былі ключавымі ініцыятарамі гэтага праекта, — нагадвае польскі партал ITHardware.pl.
У 2018 годзе Маск пакінуў раду дырэктараў OpenAI. Афіцыйная прычына гэтага не была раскрытая, але згодна з некаторымі крыніцамі, Маск і кіраўніцтва арганізацыі мелі розныя погляды на развіццё тэхналогій.
Пасля выхаду з OpenAI Маск засяродзіўся на іншых праектах, але яго цікавасць да штучнага інтэлекту не знікла. У 2023 годзе ён заснаваў кампанію xAI, а таксама выпусціў чат-бот Grok, які стаў канкурэнтам ChatGPT. Маск часта крытыкаваў ChatGPT, называючы яго «машынай прапаганды».
Як піша ITHardware.pl, у 2024 годзе Маск ініцыяваў юрыдычную спрэчку з OpenAI, абвінавачваючы арганізацыю ў парушэнні дамовы і несправядлівай канкурэнцыі. Хоць першы пазоў быў адкліканы, у жніўні 2024 года Маск ізноў падаў скаргу, у якой фігуравалі такія абвінавачанні, як «тэлекамунікацыйнае махлярства» і «лжывая рэклама».
Маск таксама выказваў незадаволенасць тым, што OpenAI ператварылася з некамерцыйнай структуры ў камерцыйную кампанію. Альтман у адказ заявіў: Маск заўсёды імкнуўся атрымаць кантроль над OpenAI і нават прапаноўваў уключыць арганізацыю ў склад Tesla.
Альтман падкрэслівае, што OpenAI застаецца вернай сваёй місіі: стварэнне тэхналогій, якія прыносяць карысць чалавецтву. Ён падкрэсліў, што арганізацыя не будзе паддавацца знешняму ціску і застанецца вернай сваёй пазіцыі, нягледзячы на канфлікты.
У працы ChatGPT адбыўся буйны збой ужо другі раз за месяц
Штучны інтэлект ChatGPT o1 пачаў падманваць сваіх распрацоўшчыкаў
Кампанія, якая стварыла ChatGPT, увайшла ў вайсковы бізнэс