У новым кіно раскрылі «Адысею» з незвычайнага боку — атрымалася вельмі прыгожа
У сусветны пракат выйшла «Вяртанне» (Return) — драма італьянца Уберта Пазаліні пра тое, чым скончыўся шлях Адысея. Атрымалася разумна і далікатна, але не для аматараў кіно пад папкорн.
13.01.2025 / 08:30
Адысей (Рэйф Файнс). Фота: кадр з трэйлера
Што вы ведаеце пра легендарнага Адысея? Напэўна, згадаеце яго як гераічнага ваяра, магчыма, успомніце яго востраў Ітаку і жонку Пенелопу, мо і ўспомніце, што эпапею пра Адысея напісаў грэк Гамер. Але ці думалі вы, што было з Адысеем пасля таго, як усе подзвігі адышлі ў мінулае?
Пра гэта зняў свой новы фільм італьянец Уберта Пазаліні. Яго «Вяртанне» — гэта апошнія часткі гамераўскай «Адысеі», адаптаваныя да нашага часу так, што і праз тысячагоддзі пасля Гамера мы знойдзем тут важнае для сябе.
Мы на востраве Ітака. Некалі Адысей, цар Ітакі, пакінуў востраў, жонку Пенелопу і сына Тэлемаха, каб са сваёй арміяй заваяваць Трою. Цягнуліся дні без уладара, ператвараліся ў месяцы і гады, а Адысея і яго салдат усё не было. І тады жыхары вострава паверылі, што цар загінуў, ён да іх ужо не вернецца.
Не паверыла толькі Пенелопа — жанчына, як магла, хавалася ад шматлікіх прапаноў шлюбу. Але моцнай царыцы з яе не выйшла, і востраў паціху прыходзіў у заняпад. Малады Тэлемах таксама не дапамагаў маці, хіба што хаваўся за яе спінай ад праблем.
У такія часы Адысей вярнуўся на Ітаку, прычым зусім не так, як вяртаюцца героі. Не было ваеннага трыўмфу і вялікага свята — яго, голага і пабітага, прыбіла хвалямі да берага вострава, і ніводзін з яго людзей з ім не вярнуўся. Такому Адысею няпроста вярнуцца ў палац, нават няпроста прызнацца мясцоваму бедняку, хто ён такі, бо ён ведае, чаго ад яго чакаюць людзі. Ды і складана адказваць на непазбежныя пытанні: чаму ён вярнуўся адзін, дзе ён быў столькі часу, ці не здрадзіў на шляху дадому сваёй сям’і і народу?
Пенелопа (Жульет Бінош). Фота: кадр з трэйлера
Адзін з кранальных момантаў фільма — размова Пенелопы і Адысея, калі ён яшчэ не прызнаўся, кім з’яўляецца, і калі яна яшчэ бачыла ў ім толькі ваяра, які быў у Троі. Гэта невялікі дыялог, але выдатная акцёрская праца Рэйфа Файнса і Жульет Бінош — Адысея і Пенелопы — робіць яго такім тонкім і прыгожым.
Пенелопа запытваецца ў незнаёмца, чаму не вярнуўся яе муж, і Адысей адказвае — магчыма, ён баіцца, а мо ён заблытаўся? І тады няўцешная жанчына пытаецца ў ваяра, чаму ж мужчыны ідуць на вайну, чаму яны гвалцяць і забіваюць жанчын і дзяцей, і ці рабіў такое Адысей. Адказу яна не атрымлівае, але зразумела, што гэтае маўчанне — таксама адказ.
А далей Адысею даводзіцца даць рады мужчынам Ітакі, якія хацелі б зрабіць Пенелопу сваёй жонкай, але не дзеля яе шчасця і дабрабыту на востраве, а дзеля ўласнага дабрабыту. І тады мужчына, поўны гневу, абірае шлях гвалту, не абавязковы для Пенелопы, але адзіны магчымы для яго пасля таго, што ён перажыў.
Здаецца, і сам Адысей не лічыць сябе героем. У хаце свінапаса, які даў яму прытулак, былы цар слухае расповеды пра траянскага каня і тое, як Троя была скораная. Але калі ў яго — ён жа сказаў, што быў у Троі! — пытаюцца, як там усё было, ён адчувае, нібыта няма чым пахваліцца, і сарамліва кажа, што людзям падабаюцца гісторыі. Такім Адысея вы наўрад ці бачылі.
Прыгожа, як у гэтай частцы старажытнага сюжэту аўтары фільма знайшлі новае адценне. Канечне, гэта размова не толькі пра Адысея ды Пенелопу. І цяпер мы ўсе часам адчуваем (магчыма, непраўдзіва), што не даем рады чаканням грамадства і ўласных блізкіх, і таму, нам падаецца, лепш за ўсё збегчы. Асабліва гэта актуальна для мужчын — і яны, як нам геніяльна паказвае Файнс, могуць быць уразлівыя, тым больш калі мы кажам пра былых ваяроў.
Адысей (Рэйф Файнс). Фота: кадр з трэйлера
Калі вам не даспадобы такія развагі, ідзіце на «Вяртанне», проста таму што гэта вельмі прыгожы фільм. Целы людзей тут знятыя так, што нагадваюць скульптуры старажытнай Грэцыі, а панарамы Ітакі і здымкі мора дадаюць атмасфернасці. У фільме шмат крыві, і на ёй нярэдка акцэнтуюць увагу, каб нагадаць, што старажытны герой ператварыўся ў траўмаванага ваяра, а яго палац, як кажа Пенелопа, у краму мясніка.
З іншага боку, Пазаліні і кампанія не надта клапоцяцца пра пачуцці гледачоў, якія звыкліся да таго, каб у кіно ім тлумачылі ўсё да апошняй хвіліны. Дыялогі ў стужцы простыя — гэта, хутчэй, гісторыя пра тое, каб адчуць, а не зразумець, пра тую працу, якую мусіць выканаць сам глядач, каб падняцца на вышыню ідэі.
Ёсць і пытанні, якія застануцца без адказу. Нам падаюць на сподачку Адысея ў час яго, магчыма, найвялікшай уразлівасці, але не кажуць, як ён да гэтага дайшоў. Пытанні да яго, што гучаць у фільме, маюць права на жыццё — і сапраўды, дзе яго войска, чаму ён вярнуўся толькі праз дзесяць гадоў?
Але зноў — «Вяртанне» атрымалася фільмам пра пачуццёвае, а не пра рацыянальнае. Гэта ж так нерацыянальна — дапускаць думку, што зганьбаваны цар можа вярнуцца на сваю пасаду і ў сям’ю, якую ён кінуў. Аднак «Вяртанне» дае і надзею на лепшае, бо, як паказвае гісторыя, такая нерацыянальная любоў усё ж такі яшчэ нешта можа ў гэтым свеце.
«Быць найлепшым». Выйшаў кранальны фільм-біяграфія пра Робі Уільямса — з малпай у галоўнай ролі
«Забойствы ў адным будынку», «Рыплі», «Сёгун». Топ серыялаў, якія выйшлі ў гэтым годзе
Найлепшыя фільмы «не для ўсіх» 2024 года. Што вы з гэтага глядзелі?