Кіно44

«Быць найлепшым». Выйшаў кранальны фільм-біяграфія пра Робі Уільямса — з малпай у галоўнай ролі

Думаеце, мюзікламі вас не здзівіш? Не спяшайцеся рабіць высновы, пакуль не пабачыце ў кіно яркую прэм’еру Better Man — у Беларусі гэтую стужку паказваюць пад назвай «Быць найлепшым: гісторыя Робі Уільямса».

Фота: скрын з трэйлера

Сёння выходзіць столькі музычных баёпікаў, што ў гэтай разнастайнасці ўсё цяжэй знайсці нешта выбітнае. Глядзіце самі: за апошнія гады мы пабачылі фільмы пра Фрэдзі Мерк’юры, Элтана Джона, Эмі Уайнхаўс і нават, даруйце, пра расійскі поп-дуэт «Рукі ўверх».

Для фільма пра жыццё Робі Уільямса, брытанскай поп-легенды, выбралі іншы ракурс. Рэжысёр стужкі Майкл Грэйсі — ён жа зняў за сем гадоў да таго «Найвялікшага шоўмена» — прыдумаў паказаць у ролі Уільямса не чалавека-акцёра, а… малпу. Кажа, на гэта яго натхнілі расповеды самога Уільямса — Робі прыклаў руку да стварэння стужкі і перазапісаў для яе свае песні. Спявак дзяліўся з рэжысёрам, што ён бачыць сябе падобным да малпы на сцэне. 

І цяпер, калі фільм выйшаў, можна казаць, што рызыкоўная ідэя спрацавала. Рэйтынгі ў стужкі, дарэчы, добрыя: напрыклад, на рэсурсе Rotten Tomatoes фільм набраў 90%, на платформе IMDb — 7,7 бала з 10.

Гэтае вельмі брытанскае кіно распачынаецца ў горадзе Сток-ан-Трэнт, дзе ў 1974-м нарадзіўся Уільямс. Хлапчук, тады яшчэ Роберт, пад уплывам бацькі пачаў слухаць джаз і свінг — напрыклад, Элу Фіцджэральд і Дзіна Марціна. Але больш за ўсё, мяркуючы па стужцы, на яго паўплываў Фрэнк Сінатра. Грэйсі пакажа нам прыгожую сцэну, як малпа-Робі разам з бацькам спявае геніяльны сінатраўскі трэк My Way. Гэтая песня пра чалавека, які прайшоў жыццё так, як сам жадаў, сваім шляхам, потым яшчэ раз прагучыць у фільме, і момант будзе такі кранальны, што рыхтуйце насавыя хустачкі.

А яшчэ бацька расказваў Робі пра гэта — унутраную якасць, якая можа зрабіць цябе зоркай, скажам, не горш за Сінатру: маўляў, або ты з гэтым нараджаешся, або ты — ніхто. Мабыць, з таго часу хлопчык пачаў барацьбу з гэтым нікім, з перспектывай застацца простым чалавекам, ад якой ён збягаў як мог.

Кіношны Робі з бацькам. Фота: скрын з трэйлера

Пра гэтую барацьбу Уільямс шчыра расказвае ў сваім баёпіку. Ён згадвае, як у падлеткавым узросце трапіў у музычны гурт Take That — сёння гэта легендарны брытанскі бойз-бэнд, — і як праз несуцішнае жаданне пратэсту сышоў адтуль.

Але было не толькі гэта: слава, абажанне і ўседазволенасць зваліліся на Робі, калі ён яшчэ не мог даць ім рады. Юнак шукаў паратунку ў алкаголі, наркотыках і антыдэпрэсантах, часам ён не кантраляваў сябе нават на сцэне. А калі і кантраляваў, то хаваў за сцэнічным нахабствам вялікі боль і страх ад таго, што, магчыма, ён усё ж такі не здолеў збегчы ад таго нікога, кім так баяўся зрабіцца.

Тая малпа, якую мы бачым у кадры замест Робі, створаная з дапамогай складанай камп'ютарнай графікі. Там ёсць і «ўнёсак» акцёра Джона Дэвіса, які стаў асновай лічбавага персанажа-малпы і адыграў амаль ва ўсіх сцэнах з ёй, а ёсць і рысы ўласна Робі — калі дакладней, у малпы яго вочы.

Фота: скрын з трэйлера

Як ні дзіва, але гэта аказалася правільным рашэннем. З малпай у кадры хутка звыкаешся, а потым разумееш: калі б на яе месцы быў чалавек, ён бы адцягваў на сябе лішнюю ўвагу. Зразумела, можна было б знайсці акцёра, больш-менш падобнага да Робі, падвучыць яго рысам спевака, яго манеры паводзінаў. Але калі гэтага няма, на першы план выходзіць сама кранальная гісторыя.

Тады ўсведамляеш, што ў нечым гэта не проста гісторыя Робі Уільямса, на яго месцы мог аказацца хто заўгодна. Мы ўсе часам робім дзіўныя і дурныя рэчы, здраджваем тым, хто нас любіць, губляем сваіх людзей, нечага вельмі баімся і шукаем ад гэтага паратунку там, дзе не трэба. Для Уільямса такім паратункам, як яму здавалася, будзе слава, але слава не зрабіла яго шчаслівым — аказалася, што для гэтага трэба нешта большае.

Але, як вы пабачыце ў канцы, Better Man — гэта ўсё ж такі фільм пра надзею. Уільямс шчыра згадвае няўдалыя адносіны са спявачкай Ніколь Эплтан і ўласнымі сваякамі, расказвае пра цяжкасці з ментальным здароўем, аднак дэманструе, што ўсё гэта можна перамагчы. Каб паказаць унутраных дэманаў, з якімі змагаўся Робі, у стужку нават дадалі трохі сцэн у стылі фэнтэзі. 

А яшчэ, вядома, Better Man — фільм пра добрую музыку. Грэйсі не бамбардзіруе нас музычнымі нумарамі, як гэта часам робяць у мюзіклах, але галоўныя трэкі Уільямса ўсё ж прагучаць, і дадаткам будзе відовішчная харэаграфія. Глядзіце самі:

Better Man часам называюць «малпіным» баёпікам, але, калі прыгледзецца, галоўнае ў ім — не гэта. У яго стваральнікаў атрымаўся фільм, дзе ў тым, як расказаная гісторыя, выразна чуваць самога Робі Уільямса. Прадзюсар Гай Чэмберс казаў яму ў фільме, што песні атрымліваюцца каштоўнымі, толькі калі яны каштуюць нечага табе самому. І выглядае, што такая шчырасць у фільме шмат каштавала самому спеваку. Магчыма, таму і атрымалася так кранальна?

«Наша Нiва» — бастыён беларушчыны

ПАДТРЫМАЦЬ

Каментары4

  • Проста жыхар
    05.01.2025
    Не разумею, навошта здымаць баёпікі пра жывых людзей. Іх гісторыя яшчэ не скончылася, і можа перавярнуцца карэнным чынам.
  • Нарка Манія
    05.01.2025
    Не лічу Ўільямса топавай зоркай, а фільм увогуле адбіты (калі меркаваць па артыкуле).
  • Я няведаю хто гэта
    05.01.2025
    Чэсна.

Цяпер чытаюць

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»7

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Усе навіны →
Усе навіны

Нетаньяху: Пасля ўдараў па «Яндэксе» колькасць антысеміцкіх ботаў скарацілася на 60%5

Затрыманы галоўны падазраваны ў падпале ратушы Ліможа: гэта левы радыкал21

Зяленскі: Амерыка вельмі хоча, але не можа спыніць Расію4

Як у Польшчы зарэгістраваць замежны дакумент?1

У Мінску 17‑гадовага алімпіядніка па гісторыі абвінавацілі ў рэабілітацыі нацызму14

На мяжы дзвюх Карэй расце напружанасць. Сеул прыгразіў Пхеньяну жорсткім адказам3

У Мінску хірургі прааперавалі мужчыну, які ў гэты час быў у іншай бальніцы

Старшага інкасатара Беларусбанка асудзілі за палітыку і назвалі «тэрарыстам»4

Прыхільнікі захавання Альберты ў складзе Канады разгромна лідзіруюць на рэферэндуме4

больш чытаных навін
больш лайканых навін

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»7

«Беларусь перадусім». Што вядома пра 23‑гадовага афіцэра спецназа, якога асудзілі на 19 гадоў за «здраду дзяржаве»

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць