Калі дома душна, людзі горш думаюць і запамінаюць — вучоныя

Вынікі новага даследавання звязваюць тэмпературу ў памяшканні з кагнітыўнымі здольнасцямі пажылых людзей.

15.01.2025 / 22:37

Як піша Medical Express, новае даследаванне паказала, што тэмпература ў памяшканні аказвае значны ўплыў на кагнітыўныя здольнасці пажылых людзей. Гэтае адкрыццё таксама падкрэслівае магчымыя рызыкі для здароўя мозгу, звязаныя са зменай клімату.

У рамках назіральнага даследавання пад назвай «Хатняя тэмпература і ўвага ў пажылых людзей» вучоныя на працягу года назіралі за 47 удзельнікамі ад 65 гадоў і старэйшымі. Даследаванне фіксавала тэмпературу ў іх дамах і самаацэнку праблем з канцэнтрацыяй увагі. Вынікі былі апублікаваныя ў Journal of Gerontology.

Навукоўцы з Інстытута даследаванняў старэння Хінды і Артура Маркусаў, звязанага з Гарвардскай медыцынскай школай, устанавілі, што пажылыя людзі лепш спраўляюцца з задачамі, якія патрабуюць канцэнтрацыі, калі тэмпература ў іх дамах знаходзіцца ў дыяпазоне 20-24°C.

Імавернасць узнікнення цяжкасцяў з увагай павялічваецца ўдвая, калі тэмпература выходзіць за гэтыя рамкі на 4°C. Пры гэтым не важна, адбываецца гэта ў бок павышэння ці паніжэння.

Аўтары акцэнтуюць увагу на тым, што найболей уразлівыя да такіх змен людзі з нізкім даходам, бо ў іх часта няма рэсурсаў для рэгулявання тэмпературы ў дамах.

Даследаванне звяртае ўвагу на неабходнасць карэкцыі жыллёвай палітыкі, у якой прыярытэтам павінна стаць стварэнне ўмоў, якія абароняць пажылых людзей ад перападаў тэмпературы. З ростам глабальнай тэмпературы і павелічэннем долі пажылых людзей гэта з'яўляецца ключавым фактарам захавання кагнітыўных здольнасцяў насельніцтва планеты.

Рашэннем можа быць павышэнне энергаэфектыўнасці жылля, інтэграцыя тэхналогій «разумнага дома» для аптымізацыі тэмпературы ў памяшканні і пашырэнне доступу жыхароў да сістэм ахалоджвання.

Навукоўцы высветлілі, чаму пажылыя людзі часта забываюць дарогу дадому

Памяць пажылых людзей можа значна палепшыць тэрапія пахамі

Змяненне клімату ўдарыць і па здароўі беларусаў?

У Беларусі жыве паўтара мільёна чалавек ва ўзросце ад 65 гадоў

Антось Жупран