Вайна пад дахамі, альбо Кампот з восеньскіх дзічак
У нашай «стабільна квітнеючай» краіне ідзе грамадзянская вайна. Камертон Сяргея Ваганава.
10.12.2011 / 09:52
Гэтае сумнае адкрыццё я зрабіў, калі чытаў электронны ліст ад стрыечнага брата з Казані. Якраз на тым месцы, дзе ён паведамляў пра хлеб, я пачуў брудную лаянку за сцяной, што аддзяляе мяне ад суседзяў: «Пайшла ты ў ж... са сваёй эканоміяй!»
Трэба сказаць, што суседзі мае — маці з дачкой, зяцем, унукам і ўнучкай — людзі ціхія, ні крыку, ні ляманту ад іх я ніколі не чуў. Гаспадыня заўсёды віталася стрымана, маўклівым кіўком галавы, адпаведна сваёй даволі высокай, наменклатурнай яшчэ ад савецкага часу, пасадзе. Праўда, як толькі страціла па ўзросце пасаду, стала больш добразычлівай, пры сустрэчах цікавіцца, як жыццё...
І вось на табе, на дачку — «пайшла ты...»! Вайна!
Раптам падумаў: «А я ж таксама што ні дзень безнадзейна б’юся з жонкай і ўнучкай, каб гасілі за сабой святло, не лілі залішнюю ваду, калі мыюцца, а посуд цёрлі пад танюсенькім цурком...»
Пра сябе ж ведаю, што звычка эканоміць нарадзілася з таго даволі працяглага ад апошняй вайны часу, калі маці падкручвала кнот смуроднай газоўкі, каб яе святла, што кідала на столь жахлівыя цені, хапіла да раніцы...
Але сёння што за вайна?!
Ціхая, малапрыкметная, але сапраўдная вайна пад дахамі — з лініяй фронту, з тэрорам «жыровак» і ахвярамі ў выглядзе зруйнаваных стасункаў...
Вайна, так бы мовіць, якую распачала дзяржава.
Дарэчы, гэта традыцыйны занятак і былой савецкай, і цяперашняй незалежнай нашай дзяржавы, любімая гульня — правакаваць вайну людзей супраць людзей, толькі каб не супраць яе.
«Мама, — піша брат, — у 47-м годзе паехала ў Казань шукаць у МДБ свой дыплом аб вышэйшай будаўнічай адукацыі, які адабралі пры яе арышце і высылцы пасля расстрэлу бацькі ў 37-м. Калі знайшла, гэта адразу зрабіла яе ІТР, якім больш давалася хлеба. Раней адразалі ад буханкі, а цяпер атрымлівалі цэлую...».
Прычым тут, спытаеце вы, наша «квітнеючая» дзяржава?
Прытым, што, усталёўваючы так званыя нормы спажывання, зноўку пачала «адразаць ад буханкі» і, сама збяднелая ўшчэнт, заўзята вучыць беднату эканоміць і вышукваць «ворагаў». Нават вакол сябе.
Нядоўга, аднак, цягнулася «мірнае суіснаванне». Вайна!
Як узбудзілася раптам, пайшло ў атаку дзяржаўнае чынавенства! То міністр, то намеснік... То прэм’ер, то віцэ...
Апошнюю натацыю ад імя дзяржавы прачытала спн.Ермакова: «Урэшце, чалавеку нямнога трэба! А на жыццё скардзяцца, як правіла, не самыя бедныя. Вы памятаеце пратэстныя акцыі, калі крыху падаражэла паліва? Хто пратэставаў? Людзі на крутых іншамарках... Так, сёння трэба эканоміць, лічыць. Але так жыве ўвесь свет».
Такі вось «класавы падыход» захавальніцы пазычанага валютна-залатога рэзерву.
Так, у краіне ёсць бізнэсоўцы, але бізнэс-класа няма.
Ёсць прадпрымальнікі, але «сярэдняга класа» няма.
Амаль усё насельніцтва ператварылася, так бы мовіць, у «эканом-клас», які на сабе спазнае вялікую, нават лёсавызначальную розніцу паміж «лічыць грошы» і «лічыць апошнія грошы»...
...Праз які тыдзень я ледзь не сутыкнуўся з суседкай ля пад’езду. Трохі расчырванеўшыся, яна шпарка ішла насустрач, трымаючы ў руках стары жаночы капялюшык, набіты цвёрдымі, нібыта дзіцячыя кулачкі, зяленымі яблычкамі. Адно звалілася, пакацілася па асфальце, другое... Я кінуўся падымаць: «Гэта ж дзічкі, навошта вам?» — «А кампоту навару... Даўно не было кампоту»...
Калісьці тут, у самым цэнтры горада, здаўна квітнелі сады на прыватных сялібах. У 60-х і хаты, і сады пайшлі пад нож. Але, дзякуй Богу, захаваліся дзе-нідзе яблыні. Здзічэлі, праўда, але ўвесну квітнеюць, а восенню звонка сыплюцца яблычкамі на асфальт.
Ды і тое дзякуй Богу, дзівосная сёлета, несканчоная восень. Няма на што наракаць...
Глядзець таксама:Сяргей Ваганаў. Суддзя Стук і пракурор Стук
Сяргей Ваганаў. Разруб, ці Візітоўка ад Расіі.