БЕЛ Ł РУС

Масква абяцае жорсткі адказ Штатам за «калекцыю Шнеерсона»

17.01.2013 / 12:16

Масква рэзка адрэагавала на рашэнне суда ЗША, які абавязаў расійскія ўлады выплачваць буйны штраф за адмову вярнуць амерыканскай рэлігійнай абшчыне калекцыю Шнеерсона.

Кнігі з калекцыі Ёсэфа Шнеерсона, што нарадзіўся ў 1880 г. на тэрыторыі Магілёўскай губерні.

У расійскім МЗС заявілі, што абураныя рашэннем суда і лічаць яго юрыдычна нікчэмным.
Суд Вашынгтона пайшоў на беспрэцэдэнтны і магчымы самымі сур'ёзнымі наступствамі крок -- увядзенне штрафных санкцый супраць суверэннай дзяржавы. Мы будзем вымушаныя жорстка адказаць у выпадку арышту расійскай дзяржмаёмасці, гаворыцца ў паведамленні дэпартамента інфармацыі і друку МЗС.
Суд акругі Калумбія ўчора абавязаў урад Расіі выплачваць па 50 тысяч даляраў кожны дзень да таго часу, пакуль каля дзясяткі тысяч рэдкіх дакументаў і кніг з калекцыі рабіна Ёсэфа Шнеерсона Масква не верне амерыканскім хасідам.

Частку калекцыі бальшавікі нацыяналізавалі пасля рэвалюцыі, іншая, вывезеная Шнеерсонам з Савецкага Саюза, вярнулася назад у Расію пасля Другой Сусветнай вайны. Іудзейскі рэлігійны рух Хабад Любавіч у ЗША з канца 80-х гадоў патрабуе вярнуць ім святыя для іх дакументы. Суд у ЗША пастанавіў пачаць працэс вяртання яшчэ паўтара гады таму.

Пакуль калекцыя ў бібліятэчным фондзе Расіі.
Між тым адвакат руху заявіў, што яго прадстаўнікі будуць усімі законнымі спосабамі дамагацца, каб Расія выканала рашэнне федэральнага суда ЗША аб выплаце штрафу. Аж да арышту расійскай уласнасці ў Штатах, піша газета Уол-стрыт Джорнал.

Па некаторых дадзеных першы прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын у свой час абяцаў уладам ЗША вярнуць хасідам святыя для іх дакументы.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула