БЕЛ Ł РУС

Выйшаў новы Arche, першы пасля паўзы

13.06.2013 / 16:37

СМ

Галоўны рэдактар часопіса Валер Булгакаў са свежым нумарам у руках.

Першы нумар незалежнага часопіса за 2013 год выйшаў пасля мала не гадавога перапынку.
Ён быў падрыхтаваны яшчэ ў 2012-м і ляжаў у друкарні ўвосень, калі на часопіс звалілася праверка Дэпартамента фінансавых расследаванняў.
Нумар складаецца з перакладаў прац заходніх даследчыкаў Другой сусветнай вайны, якія вывучалі Беларусь.
«Тут ёсць публікацыі, прысвечаныя праблемам нацысцкага тэрору, здзяйснянага нацыстамі пры дапамозе сваіх прыхільнікаў з ліку мясцовага насельніцтва, тэксты, прысвечаныя зусім не простым узаемаадносінам мясцовага насельніцтва з партызанамі», — піша намеснік галоўнага рэдактара часопіса, гісторык Алесь Пашкевіч у прадмове, якая завецца «Між двух агнёў».
Часопіс, як заўжды, багата ілюстраваны ўнікальнымі архіўнымі фота і матэрыяламі.

У верасні галоўны рэдактар «Arche» Валер Булгакаў быў затрыманы ў Гродне на прэзентацыі кнігі Яна Шумскага «Саветызацыя Заходняй Беларусі». Яго абвінавацілі ў незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці. У друкарні, дзе выходзіў часопіс, упраўленне Дэпартамента фінансавых расследаванняў правяло праверку. Булгакава аштрафавалі на 500 тысяч рублёў. Асцерагаючыся яшчэ і крымінальнага пераследу, ён пакінуў Беларусь.

Аказалася, што нічога крымінальнага няма, 22 сакавіка стала вядома, што ніякай справы супраць «Arche» заведзена не было. У сярэдзіне красавіка Булгакаў вярнуўся ў краіну. Але па-ранейшаму пад арыштам знаходзяцца 5000 кніжак, канфіскаваных у яго восенню.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула