БЕЛ Ł РУС

Адміністрацыя прэзідэнта супраць давання ІП права найму работнікаў не з ліку сваякоў

20.06.2013 / 17:40

Пытанне аб даванні індывідуальным прадпрымальнікам (ІП) права найму работнікаў не з ліку сваякоў застаецца нявырашаным, Адміністрацыя прэзідэнта не падтрымлівае гэтую прапанову.
Пра гэта паведаміў БелаПАН старшыня Беларускага саюза прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін, каментуючы рэалізацыю ініцыятыў, з якімі выступалі бізнес-саюзы.

«Мы выступалі, прапанову падавалі, пытанне пакуль не вырашана. Супраць выступаюць не ва ўрадзе, а ў Адміністрацыі прэзідэнта», — адзначыў Калінін.

На яго думку, даванне ІП права наймаць работнікаў не з ліку сваякоў дазволіла б легалізаваць працу тых людзей, якія афіцыйна нідзе не працуюць. Сённяшняя сітуацыя, калі індывідуальным прадпрымальнікам забаронена наймаць работнікаў не з ліку сваякоў, садзейнічае схаванай занятасці, дадаў Калінін.

«Нармальны чалавек не можа адстаяць кожны дзень восем гадзін і адначасова падвозіць сабе тавар. Таму ў кожнага індывідуальнага прадпрымальніка, які гандлюе на рынку, ёсць хаця б адзін памочнік», — адзначыў Калінін. Але гэтыя людзі, якія дапамагаюць працаваць прадпрымальнікам, не могуць быць афіцыйна аформлены і, адпаведна, не плацяць падаткаў і ўзносаў у Фонд сацабароны насельніцтва, дадаў старшыня саюза.

«Легалізацыя працы наёмных работнікаў садзейнічала б павелічэнню падаткаў і нармалізавала б дзейнасць індывідуальных прадпрымальнікаў», — мяркуе Калінін.

Паводле звестак на 1 чэрвеня, у Беларусі было зарэгістравана 258,8 тысячы індывідуальных прадпрымальнікаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула