БЕЛ Ł РУС

Сноўдэн засеў у Маскве, Пуцін параўнаў яго з парасём

26.06.2013 / 02:24

МБ

З няясных прычын беглы амерыканскі выведнік ад нядзелі завіс у транзітнай зоне Шарамецьева.

Вось ужо двое сутак Сноўдэн знаходзіцца ў Шарамецьеве.

Ягонае знаходжанне там у аўторак прызнаў прэзідэнт Расіі Уладзімір Пуцін. І адкаментаваў транзіт 29-гадовага ўцекача з Агенцтва па нацыянальнай бяспецы ЗША ва ўласцівай сабе з'едлівай манеры.

Як і Асанж з Вікілікс, сказаў Пуцін, «Сноўдэн лічыць сябе праваабаронцам і змагаецца за распаўсюд інфармацыі. Задайце сабе пытанне: ці трэба такіх людзей выдаваць для пасадкі ў турму або не трэба? У кожным разе, я б не хацеў бы займацца такімі пытаннямі, бо гэта ўсё адно што парася стрыгчы: віску шмат, а воўны мала», — сказаў Пуцін, які перабывае з візітам у Фінляндыі. «Ён, як транзітны пасажыр, мае права купіць білет і ляцець, куды ён хоча», — дадаў ён.

«Спадар Сноўдэн — чалавек вольны, чым хутчэй ён абярэ канчатковы пункт свайго знаходжання, тым будзе лепш і для нас, і для яго», — недвухсэнсоўна намякнуў Пуцін.

Тым часам амерыканскія СМІ публікуюць крытычныя матэрыялы на адрас Расіі, якая не прыняла мераў для выдачы Сноўдэна Злучаным Штатам.

Для амерыканскіх лібералаў і лібертарыянцаў Сноўдэн — герой змагання за правы чалавека. Для кансерватараў і дзяржаўнікаў — здраднік і шпіён.

У нядзелю Эдвард Сноўдэн пакінуў Ганконг. У яго быў білет да Гаваны праз Маскву. Але на борце рэйса на Кубу яго не аказалася. Эквадор абвесціў, што Сноўдэн папрасіў палітычнага прытулку ў гэтай краіне. Гэтая просьба цяпер разглядаецца.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула