Беларусь — самае слабае звяно ва Усходнім партнёрстве
Пра гэта заявіў кіраўнік камітэта па замежных справах сейма Літвы Бенедыктас Юодка 26 чэрвеня падчас кансультацый беларускіх і літоўскіх дэмакратычных партый, якія праходзяць у літоўскім парламенце.
Ён зазначыў, што ў адносінах ЕС з іншымі краінамі — удзельніцамі Усходняга партнёрства «справы ідуць даволі няблага». «Спадзяёмся, напрыклад, што падчас саміта ў лістападзе мы падпішам пагадненне аб асацыяцыі з Украінай», — сказаў Юодка.
Паводле яго слоў, адна з галоўных праблем у адносінах з Беларуссю заключаецца ў тым, што няясным застаецца, чаго хоча краіна.«Незразумела, яна хоча быць бліжэй да Еўрасаюза ці бліжэй да Еўразійскага саюза разам з Расіяй і Казахстанам, — сказаў Юодка. — А калі няясна, чаго хоча сама краіна, вельмі цяжка тым, хто спрабуе ёй дапамагчы. Я быў здзіўлены, што нават сярод беларускай апазіцыі няма адзінага меркавання аб геапалітычных мэтах Беларусі».
Як зазначыў кіраўнік камітэта па замежных справах сейма Літвы, ЕС важна ведаць, што адбываецца ў Беларусі. «Мы сочым за працэсамі, што адбываюцца ў краіне», — падкрэсліў ён.
«Дэмакратыю і лёс краіны вызначае сама краіна, — сказаў ён. — Дэмакратыю нельга экспартаваць. Яна ствараецца ўнутры краіны, але вучыцца вам трэба ў вашых суседзяў, калі вы думаеце, што яны жывуць лепш. Галоўная ж мэта дэмакратыі — каб людзі жылі добра».Юодка зазначыў, што для ЕС важна, каб Беларусь была «прагназаваным суседам», але вучыць краіну дэмакратыі «ніхто не мае права».