БЕЛ Ł РУС

А Ліцэя яны не зламілі

26.06.2013 / 11:27

Уладам так і не ўдалося задушыць ліцэй. 10 гадоў ён існуе ў «паўпадпольным» рэжыме і за гэты час узгадаваў сотні носьбітаў беларушчыны.

У дзень, калі ліквідавалі ліцэй, мы з купкай ліцэістаў і з гваздзікамі ў руках стаялі ў кіламетровай чарзе да Дома літаратара, дзе адбывалася развітанне з Васілём Быкавым. За некалькі дзён да смерці Быкаў рашуча выказаўся ў падтрымку абаронцаў ліцэя, сказаўшы, што ў гэтым працяг антыбеларускай палітыкі ўладаў, а змаганне за ліцэй — гэта найперш змаганне за мову.

А змаганне, якое перарасло ў мікравайну, пачалося за месяц да гэтага.
28 траўня мы, 15–17 гадовыя ліцэісты, вярнуліся з Дня здароўя, які традыцыйна праводзіцца ў Зялёным пад Мінскам. Нечакана нам паведамілі, што міністэрствам нам прызначаная новая дырэктарка Тамара Шчарбацэвіч. Савецкага выгляду жанчына, яна з імпэтам тады ўзялася за справу, засела ў кабінеце, пачала пагрозамі і абяцаннямі схіляць выкладчыкаў на свой бок. Па-беларуску гаварыць яна не ўмела: «У нас же двуязычие!» Калі ж выкладчыкі і бацькі гуртам пайшлі да яе ў кабінет, яна схавалася ў шафе і пагражала выклікаць АМАП. Праўда, абараняць яе прыехаў не АМАП, а міністр адукацыі Пётар Брыгадзін на чорным «мерсэдэсе», які, зрэшты, таксама не змог нічога зрабіць.
Адыёзная Шчарбацэвіч сышла. Міністэрства зразумела, што «перавыхаваць» не ўдасца.
Тады ліцэісты, бацькі, выкладчыкі праявілі цвёрдасць. А што не гнецца, то ламаецца. На дырэктара Уладзіміра Коласа па дарозе дадому быў зладжаны напад, але яму ўдалося адбіцца. Гэтак яны пужалі. Праз месяц ліцэй быў фармальна ліквідаваны, будынак адабраны, выкладчыкі звольненыя, ліцэісты выкінутыя на вуліцу.

Усё гэта нагадвала рэйдарскі захоп ці пераварот, падобны да таго, які ў 1995 суправаджаўся разгонам Вярхоўнага Савета, калі Лукашэнка прыйшоў да ўлады. Нездарма Лукашэнка назваў ліцэй «гняздом апазіцыі». Праўда, у 2003-м нам, 15-гадовым, усё здавалася забаўнейшым, больш падобным да перацягвання канату ў Зялёным. Вядома, гэта была вайна без шанцаў на перамогу. Не ўсведамляючы рызыкі, мы ўдзельнічалі ў ёй без каліўца вагання. Ладзілі пікеты на Кастрычніцкай плошчы, штурмавалі будынак, загрызаліся з АМАПам. Чыноўнікі, пабачыўшы нас, уцякалі, а спецназаўцы не маглі нічога зрабіць: «Ну не біць жа дзяцей!» Адзін з іх тыцнуў пальцам у плакат з партрэтам Якуба Коласа: «А дзе этат ваш начальнік, Якуб Колас? Мы хацім с нім пагаварыць».

Усё лета мы ладзілі пад будынкам ліцэя варту. Пакуль не прыехаў аўтазак са спецназам. У той час мы памылкова сакралізавалі будынак па вул. Кірава 21, насамрэч гэта была толькі нежывая абалонка. Праз тры гады ў пакоі, дзе раней быў кабінет геаграфіі, мяне судзілі і пакаралі 10 суткамі арышту. У будынку ліцэя зрабілі суд: на месцы сталоўкі — клетка для арыштантаў, у кабінеце інфарматыкі — пакой для допытаў.

Пасля публікацыі антыліцэйскага пасквіля ў «Советской Белоруссіі» мы з ліцэістамі хадзілі да Якубовіча. Той наліваў нам гарбату з пазалочанага імбрычка, цытаваў Салтыкова-Шчадрына, прыязна ўсміхаўся, а на наступны дзень апублікаваў чарговы гебельсаўскі агітматэрыял.

Мы не здаваліся. Амаль штодня выходзілі на акцыі ў цэнтр Мінска. У нас забіралі плакаты, мы рабілі новыя. Нас выціскалі з Кастрычніцкай плошчы, мы станавіліся насупраць ГУМа. Спявалі ліцэйскія песні. За тое лета 2003 года мы запісалі дыск «Я люблю Ліцэй», пасля «Партызанскую школу», нават ездзілі на гастролі ў Польшчу. Песні «Партызанскай школы» гучалі на плошчах 2006 і 2010 года. Ды што на плошчах! Я чуў, нейкія школьныя калектывы спявалі ліцэйскія песні ў эфіры дзяржаўнага СТВ. Што цяпер, праз 10 гадоў, з тымі ліцэістамі? Вучацца, працуюць, змагаюцца… Рытм-гітарыст Віталь Зыблюк — рэдактар Еўрарадыё. Вакалістка Воля Какшынская — галоўны рэдактар часопіса Lady.tut.by. Наш сола-гітарыст Зміцер Лаеўскі быў адвакатам Бяляцкага.

1 верасня 2003 пачаліся заняткі. Мы сядзелі на драўляных самаробных лавачках насупраць будынка ліцэя, каля ўваходнай брамы на стадыён «Дынама». У той дзень нам пашанцавала: у нас выкладаў сам Лявон Вольскі.

Падчас урачыстай лінейкі мы супольна прынялі прысягу, якая адрознівалася ад той, якую мне давялося прымаць праз пяць гадоў у Баранавічах:

«Мы, навучэнцы, бацькі, выкладчыкі й сябры ліцэя, у гэты складаны для ўсіх нас час прысягаем быць вернымі і адданымі нашаму Ліцэю. Мы прысягаем змагацца за свае правы, за свой гонар і за наш ліцэй.

Мы прысягаем аддана служыць і працаваць дзеля ліцэя, Беларусі і беларускай мовы.

Мы верым, што ліцэй — бясцэнны агмень беларушчыны, які мы прысягаем берагчы і захаваць для нашых дзяцей і ўнукаў.

Прысягаем клапаціцца, каб на нашай Бацькаўшчыне большала такіх установаў, як Ліцэй, каб ён заняў пачэснае месца ў адукацыі Беларусі й свету».

Я і сёння падпішуся пад кожным словам.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула