БЕЛ Ł РУС

Мясніковіч прапанаваў Фінляндыі прыватызаваць беларускія прадпрыемствы

28.06.2013 / 11:21

Беларусь разглядае Фінляндыю ў якасці ключавога гандлёвага партнёра ў рэгіёне Паўночнай Еўропы.
Пра гэта 27 чэрвеня ў Мінску заявіў прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч на сустрэчы з паслом Фінляндыі ў Літве і Беларусі па сумяшчальніцтве Хары Мякі-Рэйніка.

Бакі абмеркавалі перспектывы развіцця гандлёва-эканамічнага і інвестыцыйнага супрацоўніцтва, магчымасці рэалізацыі сумесных праектаў, паведамляе прэс-служба ўрада.

У 2012 годзе тавараабарот паміж дзвюма краінамі ўзрос на 48,6% у параўнанні з 2011 годам і склаў 297,3 млн. даляраў ЗША.
Як зазначыў Мясніковіч, Беларусь і Фінляндыя маюць значны патэнцыял для павелічэння аб’ёму ўзаемнага гандлю. У якасці прыярытэтных кірункаў узаемавыгаднага партнёрства названыя машынабудаванне, энергетыка, дрэваапрацоўка, навука і інавацыі.

Развіццю дзелавых кантактаў паміж кампаніямі дзвюх краін будзе садзейнічаць IV Беларуска-фінляндскі эканамічны форум, які плануецца правесці ў 2014 годзе ў Фінляндыі на базе Пан’еўрапейскага інстытута Універсітэта Турку.

Асаблівая ўвага на перамовах была нададзена інвестыцыйнаму супрацоўніцтву.
Беларусь і Фінляндыя ўжо паспяхова рэалізуюць шэраг інвестпраектаў. У 2012 годзе аб’ём замежных інвестыцый з Фінляндыі ў Беларусь склаў 34,3 млн. долараў, з іх 20,3 млн. — прамыя інвестыцыі на чыстай аснове. У Беларусі зарэгістраваныя 25 арганізацый, створаных з удзелам фінляндскага капіталу.

Паводле слоў прэм’ер-міністра, урад Беларусі зацікаўлены ў далейшым партнёрстве з фінляндскімі інвестарамі і гатовы ствараць камфортныя ўмовы для іх эфектыўнай працы ў Беларусі. Дадатковыя перавагі для развіцця фінляндскага бізнесу ў Беларусі адкрывае яе ўдзел у Мытным саюзе і Адзінай эканамічнай прасторы, зазначыў Мясніковіч.

Прэм’ер-міністр запрасіў фінляндскі бізнес узяць удзел у прыватызацыі шэрагу беларускіх прадпрыемстваў.

Мясніковіч і Мякі-Рэйніка абмеркавалі таксама перспектывы развіцця гуманітарных і культурных сувязяў паміж краінамі. Кіраўнік урада выказаў удзячнасць паслу за дапамогу ў арганізацыі Дзён культуры Беларусі, якія прайшлі ў Фінляндыі на мінулым тыдні.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула