БЕЛ Ł РУС

Валянціна Аліневіч: Гэта садызм у дзяржаўнай форме

28.06.2013 / 11:42

Маці палітвязня Валянціну Аліневіч звольнілі з БДЭУ

«Гэта пачалося не сёння, а ў сярэдзіне траўня. Раптам мяне выклікалі і сказалі, што мая актыўная пазіцыя ў дачыненні да сына не падабаецца. Прапанавалі перагледзець маю пазіцыю — і тады мяне пакінуць на працы. Калі я гэтага не зраблю, то мяне звольняць», — расказвае Валянціна Аліневіч.

Пра непрацягненне кантракту з БДЭУ Валянціна напісала раніцай 28 чэрвеня на сваёй старонцы ў фэйсбуку. Ва універсітэце яна працавала на кафедры эканомікі. Расказвае, што ўсе «перамовы» з ёй вяла непасрэдная начальніца. Аднак Валянціна перакананая, што ініцыятыва сыходзіла зверху.

На думку маці Ігара Аліневіча, улады мэтанакіравана ціснуць на сваякоў палітвязняў.

«Гэта садызм у дзяржаўнай форме», — гаворыць яна. Паводле Валянціны, калі б хацелі проста звольніць, то маглі б зрабіць гэта значна больш карэктна.

«Я ўжо пажылая жанчына, на пенсіі. Калі б са мной спакойна не падпісалі кантракт на наступны год, то мне, вядома, было б непрыемна.

І ўсе б разумелі, што за гэтым стаіць. Аднак гэта было б больш карэктна».

Пакуль Аліневіч не мае канкрэтных планаў на бліжэйшую будучыню. Плануе адпачыць.

***

Нагадаем, што 27 траўня 2011 года сын Валянціны Ігар быў асуджаны на 8 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму. Ён адбывае пакаранне ў наваполацкай калоніі. Ігара Аліневіча абвінавацілі ў арганізацыі шэсця каля будынка Мінабароны, нападзе на казіно «Шангры Ла» і ізалятар у завулку Акрэсціна. Нядаўна выйшла напісаная ім за кратамі кніга «Еду ў Магадан», дзе Ігар апісвае сваё жыццё за кратамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула