Дэпартамент гісторыі ЕГУ ўзначаліць літоўскі гісторык Пашкене
Па выніках актыўных міжнародных пошукаў было прынятае рашэнне, што Дэпартамент гісторыі Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (Вільня) узначаліць доктар гуманітарных навук Віленскага ўніверсітэта Юсціна Пашкене, паведамляе прэс-служба ўніверсітэта.
Да прыходу ў ЕГУ д-р Пашкене была намесніцай дэкана па пытаннях навукі і дактарантуры Гістарычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта.
У яе працоўныя абавязкі будзе ўваходзіць кіраванне акадэмічнымі праграмамі ЕГУ ў галіне культурнай спадчыны, а таксама новымі і цяперашнімі даследчымі ініцыятывамі.
Яна мае значны акадэмічны досвед у галіне археалогіі і даследаванняў культурнай спадчыны, вопыт кіраўнічай працы і паспяховай рэалізацыі міжнародных даследчых праектаў.
Ад 2003 года д-р Пашкене працавала выкладчыцай кафедры Тэорыі гісторыі і гісторыі культуры і займала пасаду намесніцы дэкана Гістарычнага факультэта Віленскага ўніверсітэта. Ад 2006 г. адмініструе і кіруе праектамі, якія падтрымлівае Еўрасаюз, накіраванымі на павышэнне якасці праграм, зазначае прэс-служба ЕГУ
Д-р Пашкене – старшыня рады па ацэнцы культурнай спадчыны пры Дэпартаменце культурнай спадчыны Міністэрства культуры Літвы. Сфера навуковых зацікаўленняў — археалогія Сярэднявечча і Новага часу, тэорыя і практыка археалогіі і культурнай спадчыны.
Раней Дэпартамент гісторыі ЕГУ узначальваў Павел Церашковіч,
у сакавіку 2013 г. ён быў звольнены з пасады кіраўніка дэпартамента гісторыі ЕГУ, але застаўся кіраўніком сената, даследчага цэнтру і выкладчыкам універсітэта.
З канца сакавіка 2013 г. кіраўніцтва дэпартаментам гісторыі да асобнага рашэння кіраўнічай рады ўніверсітэта прыняў на сябе прарэктар па акадэмічных пытаннях прафесар Аляксандр Каўбаска.
Еўрапейскі гуманітарны ўніверсітэт быў заснаваны ў 1992 г. у Мінску. У 2004 г. быў зачынены ўладамі, праз год аднавіў дзейнасць у Літве, атрымаўшы статус літоўскага ўніверсітэта.
Бакалаўраў рыхтуюць па праграмах беларусістыкі, віртуальнага дызайна і медыя, культурнай спадчыны, медыі і камунікацый. Ёсць магістратура, PнD-праграма.
Навучаецца каля 1600 чалавек, у тым ліку на вочнай форме бакалаўрыяту каля 500 чалавек, завочнай - 900, магістратуры -- 200, дактарантуры -- 6. Студэнты вочнай формы навучаюцца і жывуць у Вільні.