Віцебскія дэсантнікі чакаюць адпраўкі ў Таджыкістан
Яны будуць дапамагаць АДКБ у ахове афганскай мяжы.
Праз 25 гадоў пасля выхаду савецкіх войскаў з Афганістана беларускія вайскоўцы вяртаюцца ў Цэнтральную Азію. Як стала вядома «Нашай Ніве», «выконваць інтэрнацыянальны абавязак» рыхтуюцца віцебскія салдаты.
«Будзем ахоўваць таджыкска-афганскую мяжу. Як нам сказалі, некалькі месяцаў пабудзем у Таджыкістане, пасля прыедзе наступная вахта», — паведаміла «НН» крыніца ў 103-й гвардзейскай мабільнай брыгадзе, якая базіруецца ў Віцебску.
Заканадаўства Беларусі забараняе ўдзел узброеных сіл у баявых аперацыях, але дапамога Таджыкістану ў рамках Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бяспецы (АДКБ) пад такія не падпадае.
Колькасць вайскоўцаў, якія будуць перакінутыя ў Таджыкістан, не паведамляецца, невядомы і запланаваны час адпраўлення. «Чакаем», — тлумачыць адзін з тых, хто трапіў у спіс «на Таджыкістан».
17 лютага кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка падчас сустрэчы з генеральным сакратаром АДКБ Мікалаем Бардзюжам паабяцаў дапамагчы Таджыкістану з аховай мяжы з Афганістанам. Сёлета сканчваецца вайсковая місія НАТА ў гэтай краіне, і расейцы мяркуюць, што з сыходам амерыканцаў праз мяжу пацякуць наркотыкі і зброя.
Бардзюжа заявіў, што Беларусь дапаможа экіпіроўкай і тэхнікай. Пра адпраўку салдат ні слова сказана не было. «Але нам сказалі: як жа мы адправім тэхніку без лю-дзей?» — кажуць віцебскія салдаты.
«Уладзімір Пуцін спрабуе ўзвесці ў Цэнтральнай Азіі бастыён супраць радыкальных мусульман», — мяркуе вайсковы аналітык Аляксандр Алесін. На яго думку, кіраўніцтва Расіі хоча засцерагчыся ад уплыву радыкалаў на рэгіёны, дзе жыве вялікая доля мусульманаў.
Сілы АДКБ дзейнічаюць у інтарэсах Расіі, кажа Алесін, але Беларусь удзельнічае ў гэтым праекце не задарма. Узамен краіна атрымлівае танную зброю, а таксама эканамічныя прэферэнцыі.
«Пасля распаду СССР на тэрыторыі Беларусі засталася старая тэхніка. Яна маральна састарэла, таму на вайне неактуальная. А вось супраць партызанаў і тэрарыстаў можа спатрэбіцца», — разважае эксперт.
Беларусь уступіла ў АДКБ у 2009 годзе. На дадзены момант, апроч нас, у вайсковым саюзе знаходзяцца Расія, Казахстан, Арменія, Кыргызстан і Таджыкістан.
Паводле статута арганізацыі, калектыўныя сілы аператыўнага рэагавання выкарыстоўваюцца для адбіцця вайсковай агрэсіі, правядзення спецыяльных аперацый па барацьбе з міжнародным тэрарызмам і экстрэмізмам, транснацыянальнай арганізаванай злачыннасцю, наркатрафікам, а таксама для ліквідацыі наступстваў надзвычайных сітуацый.
Паводле інфармацыі «Расійскай газеты», ад Беларусі ў сілах аператыўнага рэагавання мае ўдзельнічаць менавіта 103-я гвардзейская мабільная брыгада. Алесін дадае, што, магчыма, у выпадку ўмяшальніцтва з боку АДКБ у нейкую краіну ад Беларусі спатрэбіцца яшчэ і ўдзел «міліцэйскай» брыгады, для падтрымання парадку і забяспечэння стабільнасці ў рэгіёне.
На ягоную думку, салдаты тэрміновай службы прымаць удзел у ахове таджыкскай мяжы не будуць: у гэтым няма патрэбы, бо хапае кантрактнікаў. Хоць тэарэтычна пасля праходжання спецыяльнай падрыхтоўкі могуць адправіць у Азію і звычайных салдат.
Беларускі вайсковы спецназ праводзіў трэніроўкі і ў Катары, і ў Кітаі, таму будзе гатовы і да дзеянняў на мяжы з Афганістанам.
Прэс-сакратар галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы Міністэрства абароны Уладзімір Макараў каментаваць сітуацыю адмовіўся. Паскардзіўшыся на «некарэктнае асвятленне» «Нашай Нівай» скандалу з манументам у Брэсцкай крэпасці, ён кінуў слухаўку.