БЕЛ Ł РУС

«Беларуськалій» паменшыў плацяжы ў бюджэт у 4,5 разу

24.02.2014 / 12:43

У 2013 годзе ААТ «Беларуськалій», найбуйнейшы падаткаплацельшчык Мінскай вобласці, паменшыў плацяжы ў бюджэт у 4,5 разу ў параўнанні з 2012 годам.У выніку абласны бюджэт недаатрымаў 3,5 трлн. рублёў. 

Паводле даных галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінскага аблвыканкама, у мінулым годзе «склалася напружанае выкананне гадавога плана па падатку на прыбытак — 99,1%. Пры гэтым удакладнены гадавы план па гэтай крыніцы арганізацыямі з доляй дзяржавы 50% і больш выкананы толькі на 67,2%». 

Інфармацыя пра выкананне бюджэту Мінскай вобласці прыводзіцца ў лютаўскім нумары часопіса «Фінансы. Улік. Аўдыт», які выдаецца Міністэрствам фінансаў. 

Паводле слоў намесніка начальніка галоўнага фінансавага ўпраўлення Мінскага аблвыканкама Мікалая Кухаўца, зніжэнне паступленняў падаткаў у бюджэт звязана з дзейнасцю «Беларуськалія». 

«Асноўная прычына — адсутнасць у другім паўгоддзі паступленняў падатку ад найбуйнейшага плацельшчыка вобласці ААТ «Беларуськалій». У 2013 годзе гэта прадпрыемства знізіла выплату падаткаў у бюджэт у 4,5 разу, а ўдзельная вага яго плацяжоў у даходах бюджэту скарацілася з 28% у 2012 годзе да 6,8% у 2013 годзе», — прыводзіць ведамаснае выданне Мінфіна словы Кухаўца. 

Ён паведаміў, што ў 2013 годзе 39 арганізацый з 73, якія падлягаюць маніторынгу, дапусцілі зніжэнне падатковых плацяжоў у бюджэт да ўзроўню 2012 года на агульную суму 4,2 трлн. рублёў у супастаўных цэнах, у тым ліку: «Беларуськалій» — на 3,5 трлн. рублёў, «Белдругчармет» — на 79,4 млрд. рублёў, Слуцкі мясакамбінат — на 76,5 млрд. рублёў, «Мінскаблаграсэрвіс» — на 72,9 млрд. рублёў. 

Адкрытае акцыянернае таварыства «Беларуськалій» з'яўляецца адным з найбуйнейшых вытворцаў і экспарцёраў калійных угнаенняў у свеце. Паводле даных Міжнароднай асацыяцыі ўгнаенняў, на яго долю прыходзіцца сёмая частка сусветнага аб'ёму вытворчасці калію. 

У 2013 годзе, паводле афіцыйных статданых, экспарт беларускіх калійных угнаенняў у грашовым выражэнні склаў 2 млрд. 63 млн. долараў і знізіўся ў параўнанні з 2012 годам на 599,3 млн. долараў. 

Паводле меркавання экспертаў, значнае скарачэнне калійнага экспарту абумоўлена неспрыяльнай сітуацыяй, якая склалася ў мінулым годзе на калійным рынку. Нагадаем, у ліпені 2013 года з-за рознагалоссяў з беларускімі ўладамі кіраўніцтва расійскага «Уралкалія» абвясціла аб спыненні продажаў сваёй прадукцыі праз Беларускую калійную кампанію. 

Гэта прывяло да зніжэння сусветных цэн на калійныя ўгнаенні і попыту на прадукцыю, якую экспартуе «Беларуськалій». «Чаму рынак мёртвы? Няма цэнавага дна. Навошта купляць, калі заўтра назавуць цану меншую?» — заяўляў у жніўні 2013 года генеральны дырэктар «Беларуськалія» Валерый Кірыенка, адказваючы на пытанні журналістаў. 

У чацвёртым квартале 2013 года, паводле заяў беларускага МЗС, «Беларуськалію» щдалося павялічыць экспартныя продажы ўгнаенняў у параўнанні з трэцім кварталам, калі попыт на сусветным рынку скараціўся з прычыны дзеянняў «Уралкалія». 

У пачатку 2014 года падчас адной з вытворчых нарад кіраўніцтва «Беларуськалія» канстатавала, што фінансавае становішча прадпрыемства па-ранейшаму застаецца напружаным, аднак сітуацыя прыкметна палепшылася ў параўнанні з восеньскімі месяцамі 2013 года.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула