Папа Францыск на Вялікадзень маліўся за мір ва Украіне
Папа Францыск павіншаваў увесь хрысціянскі свет з Вялікаднем і памаліўся за прымірэнне ва Украіне, паведамляюць інфармагенцтвы.
У сваім традыцыйным велікодным звароце «Гораду і свету» на плошчы Святога Пятра ў Ватыкане, перад некалькімі дзесяткамі тысяч вернікаў Папа памаліўся «за поспех ініцыятыў прымірэння ва Украіне, каб усе зацікаўленыя бакі, пры падтрымцы міжнароднай супольнасці, зрабілі ўсё магчымае для недапушчэння гвалту і ўстанаўлення дыялогу на карысць будучага гэтай краіны».
Францыск таксама прыгадаў пра ўсіх, хто пакутуе ад хвароб — у Гвінеі, Сьера-Леонэ, Ліберыі, узнёс малітву за мір у Іраку і на Блізкім Усходзе, паміж Палестынай і Ізраілем. Ён заклікаў да спынення кровапралітных сутыкненняў у Нігерыі, Паўднёвым Судане і Цэнтральнаафрыканскай рэспубліцы. Кіраўнік Рымска-каталіцкай царквы выказаў надзею на ўрэгуляванне сітуацыі ў Сірыі, насельніцтва якой мае патрэбу ў гуманітарнай дапамозе. «Госпадзе усемагутны, дапамажы спыніць ўсе войны, пагасіць як старую варожасць, так і сучасныя канфлікты», - сказаў Папа.