Велікоднае яйка ў небе. Рэдкая атмасферная з’ява над паўночнай Беларуссю ФОТАФАКТ
На Вялікдзень жыхары мястэчка Параф’янава (Докшыцкі раён, Віцебская вобласць) пабачылі цікавую з’яву на небе. Вакол сонца, якое заходзіла, утварыўся німб святла, які формай нагадваў курынае яйка.
Німб атачалі два эліптычныя колы – больш выразнае ружовае і ледзь бачнае аранжавае.
Яйка на небе можна было бачыць на працягу дваццаці хвілінаў – з 19:45 да 20:10.
Гэтая атмасферная з’ява вядомая навукоўцам як гало. Выявы на небе ўтвараюцца дзякуючы адлюстраванню і пераламленню сонечнага святла праз крышталікі льду на вышыні 5-10 кіламетраў.
Цікава, што гало над Параф’янавам з’явілася ў дзень, калі хрысціяне ўсіх канфесій святкуюць Уваскрасенне Хрыстова. Велікоднае яйка – адзін з сімвалаў гэтага свята.