ЕС выдзеліў 750 млн на зніжэнне залежнасці ад расійскага газу — СМІ
Еўракамісія выдзеліла першыя 750 млн еўра на прыярытэтныя праекты па энергетычнай незалежнасці.
Пра гэта паведамляе «Укрінформ» са спасылкай на швейцарскае дзелавое выданне Romandie.com.
«Еўрапейская камісія абвясціла аб выдзяленні першага траншу ў суме 750 млн еўра з бюджэту ЕС на суфінансаванне прыярытэтных праектаў, якія складаюць агульную інфраструктуру дзяржаў-членаў у сферы энергетыкі», — гаворыцца ў паведамленні.
У гэтым кантэксце выданне цытуе еўракамісара па пытаннях энергетыкі Гюнтэра Этынгера, які заявіў, што «цяперашні крызіс ва Украіне падкрэслівае важнасць развіцця энергетычнай інфраструктуры і будаўніцтва тых звёнаў, што адсутнічаюць паміж дзяржавамі-членамі, з мэтай умацавання энергетычнай бяспекі Еўрасаюза».
Усяго для рэалізацыі прыярытэтных праектаў плануецца вылучыць 5,85 млрд еўра на працягу 2014—2020. Сродкі будуць выдзяляцца ў рамках Еўрапейскага механізму аб'яднаных энергасістэм.
Першы транш выдзелены для фінансавання даследаванняў і будаўніцтва шэрагу праектаў. Паведамляецца, што спіс праектаў быў зацверджаны Еўрапейскай камісіяй яшчэ ў кастрычніку 2013 года.
Ён уключае ў сябе каля 250 праектаў энергетычнай інфраструктуры, у тым ліку і будаўніцтва газаправода Midcat паміж Іспаніяй і Францыяй.