Ворсін: Беларусь зноў можа прэтэндаваць на арганізацыю ЧС па хакеі, але не раней за 2020 год
Беларусь можа рэальна прэтэндаваць на арганізацыю яшчэ аднаго чэмпіянату свету па хакеі, заявіў старшыня федэрацыі па гэтым відзе спорту Яўген Ворсін на прэс-канферэнцыі ў Мінску 29 мая.
У той жа час, паводле яго слоў, гэта магчыма не раней за 2020 год: чэмпіянаты 2015-2018 гадоў ужо набылі гаспадароў, а на першынство 2019 прэтэндуе вельмі сур'ёзны канкурэнт Славакія. «У нас ёсць час падумаць і ўзважыць усе шанцы», — адзначыў Ворсін.
Між тым, знаходзячыся на чэмпіянаце свету ў Мінску, прэзідэнт Міжнароднай федэрацыі хакея Рэнэ Фазель заявіў, што правядзенне сусветнага першынства ў адным горадзе з'яўляецца хутчэй выключэннем. ІІХФ вітае арганізацыю турніру такога ўзроўню ў розных гарадах і краінах, як гэта было ў 2012 і 2013 гадах у Фінляндыі і Швецыі і будзе ў 2017 годзе ў Германіі і Францыі.
«Такая заява не памяншае нашы шанцы, — лічыць Ворсін. — Чэмпіянат у розных краінах больш складана арганізаваць, чым у адной краіне і ў адным горадзе. Акрамя таго, адна з умоў — зборная павінна гуляць у топ-дывізіёне».