У ДНР афіцыйна ўвялі смяротнае пакаранне
Прэзідыум савета міністраў самаабвешчанай «Данецкай народнай рэспублікі» увёў смяротнае пакаранне, паведамляецца на сайце прэс-цэнтра «ДНР».
Члены прэзідыума зацвердзілі палажэнне «Аб ваенных судах «Данецкай народнай рэспублікі», а таксама «Крымінальны кодэкс» Данецкай народнай рэспублікі».
«Не сакрэт, што ў нас ёсць вайскоўцы, якія здзяйсняюць злачынствы. Існуюць факты марадзёрства, ужывання гвалту. Таму стварэнне органаў ваеннай юстыцыі павінна быць адной з першачарговых задач», - прыводзяцца ў паведамленні словы в.а. генеральнага пракурора «ДНР» Эдуарда Якубоўскага.
Пры распрацоўцы КК «ДНР» за аснову ўзялі нарматыўную базу Расійскай Федэрацыі, адзначае прэс-цэнтр «рэспублікі», заканадаўчы акт «прадугледжвае смяротнае пакаранне за асабліва цяжкія злачынствы».
Першы віцэ-прэм'ер «ДНР» Уладзімір Анцюфееў падкрэсліў, што ўвядзенне смяротнага пакарання
— гэта «не помста, а вышэйшая ступень сацыяльнай абароны».
«Мы павінны стаць на бок пацярпелага, на бок ягоных родных. Мы абавязаны абараніць народ», — заявіў ён.
У канцы мая ў СМІ і блогах з'явілася фатаграфія загаду, нібыта падпісанага камандзірам апалчэння Данбаса Ігарам Стралковым, згодна з якім двое падпарадкаваных яму камандзіраў былі расстраляныя за марадзёрства і іншыя злачынствы.