БЕЛ Ł РУС

Святочныя лінейкі пройдуць у мінскіх школах 30 жніўня

18.08.2014 / 12:30

Святочныя лінейкі, прысвечаныя пачатку новага навучальнага года, пройдуць у мінскіх школах 30 жніўня.

фота Сяргея Гудзіліна

Пра гэта паведаміў старшыня камітэта па адукацыі Мінгарвыканкама Міхаіл Мірончык сёння на аператыўнай нарадзе ў гарвыканкаме.

З 1 верасня да заняткаў ва ўстановах агульнай сярэдняй адукацыі ў новым навучальным годзе пачнуць 165 тыс. навучэнцаў, што на 1,7 тыс. больш чым у мінулым годзе.

У сталічных школах адкрыецца 807 першых класаў, колькасць якіх у параўнанні з мінулым годам павялічыцца на 22.

За парты сядуць больш за 19 тыс. першакласнікаў, што на 3 тыс. больш, чым у 2013-м.

«Паводле традыцыі 1 верасня першы ўрок у сталічных школах будзе называцца «Я - мінчанін». На гэтых уроках будуць прысутнічаць ветэраны ВАВ, прадстаўнікі Мінгарвыканкама, міністэрстваў і ведамстваў», - адзначыў Міхаіл Мірончык.

Гаворачы пра ўкамплектаванасць кадрамі, Міхаіл Мірончык адзначыў, што цяпер у Мінску бракуе настаўнікаў пачатковых класаў і выхавальнікаў дашкольных устаноў.

«Пры гэтым нельга сказаць, што ёсць сур'ёзная кадравая праблема. Установы адукацыі пастаянна папаўняюцца новымі кадрамі, толькі ў новым навучальным годзе ў сістэму адукацыі Мінска прыйдуць каля 700 маладых спецыялістаў», - растлумачыў ён.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула