Парашэнка дазволіў міліцыі забіваць тэрарыстаў без папярэджання
Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў змены ў закон аб міліцыі наконт умоваў прымянення сілы, спецыяльных сродкаў і агнястрэльнай зброі ў раёне правядзення АТА.
Пра гэта паведамляе прэс-служба прэзідэнта.
Дакумент дае права праваахоўнікам ужываць без папярэджання меры фізічнага ўздзеяння, спецыяльныя сродкі і агнястрэльную зброю супраць асоб, якія ў адпаведнасці з законам «Аб барацьбе з тэрарызмам» прызнаюцца тэрарыстамі і займаюцца тэрарызмам.
«Гэта дасць магчымасць павысіць узровень бяспекі работнікаў міліцыі падчас правядзення АТА і спрыяць больш эфектыўнаму выкананню імі задач па абясшкоджванні тэрарыстаў падчас правядзення антытэрарыстычнай аперацыі», - гаворыцца ў паведамленні.