Літва ўзмацняе кантроль на мяжы з Беларуссю
У мэтах барацьбы з кантрабандай Служба аховы дзяржаўнай мяжы Літвы паведамляе, што ўзмацняе нагляд на літоўска-беларускай мяжы.
Супрацоўнікі службы адзначаюць, што на мяжы з Беларуссю ўзмацнілася кантрабанда, з тых часоў, як некалькі гадоў таму стаў больш жорсткім кантроль у Калінінградскай вобласці. Да кастрычніка на літоўска-беларускай мяжы затрымана каля мільёна кантрабандных цыгарэт, а таксама больш за 400 асоб, якія спрабавалі нелегальна трапіць у Літву.
«Гэта самая доўгая мяжа Літвы, тут няма натуральнай прыроднай перашкоды, як Нёман на мяжы з Расіяй. Пры мяжы з Беларуссю — лясістыя мясцовасці, якія аблягчаюць злачынныя дзеянні», — сказаў прадстаўнік Службы аховы дзяржаўнай мяжы Гедрус Мішуціс.
Зараз каля 90% кантрабандных цыгарэт трапляе ў Літву менавіта праз гэты ўчастак мяжы, таму з лета тут укараняецца новая сістэма кантролю, якая пакуль дзейнічае толькі на адной сёмай ўсяго ўчастку, прыкладна на плошчы 100 км.