Журналістку Аліну Літвінчук аштрафавалі на 5,4 млн рублёў за працу без акрэдытацыі
Такое рашэнне ў дачыненні да брэсцкай незалежнай журналісткі вынес суд Ленінскага раёна абласнога цэнтра.
Незалежную журналістку абвінавацілі ў незаконным вырабе і распаўсюдзе інфармацыі паводле сумнавядомага артыкула 22.9 ч.2 Кодэкса РБ аб адміністрацыйных правапарушэннях. У прыватнасці, у матэрыялах разгледжанай ў судзе справы фігуравала «передача інфармацыі» пра дзейнасць Брэсцкага абласнога аддзялення арганізацыі «Хрысціянская садружнасць дарослых і маладых» (YMCA), якой была прысвечана публікацыя на сайце «Беларускага Радыё Рацыя».
«Я адмовілася даваць якіх-кольвек паказанні, – распавяла Аліна Літвінчук. – Суд зрабіў высновы на падставе паказанняў сведкі – прадстаўніка YMCA Аляксандра Драчука. Суддзя Святаслаў Каліна, выслухаўшы сведку, нават не выходзіў у дарадчы пакой, бо меў пры сабе падрыхтаванае рашэнне, якое адразу ж зачытаў. Відавочна, што ў дадзеным выпадку парушаны мае правы ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе кожнаму грамадзяніну права на бесперашкодны збор і распаўсюд інфармацыі».
Аліна Літвінчук заявіла, што будзе абскарджваць пастанову.