БЕЛ Ł РУС

Банкі масава зніжаюць стаўкі па тэрміновых рублёвых укладах

13.01.2015 / 14:02

 Найбуйнейшыя беларускія банкі абвясцілі пра зніжэнне працэнтных ставак па тэрміновых рублёвых укладах фізічных асоб. Грашова-крэдытныя ўстановы зменшылі даходнасць па рублёвых дэпазітах на 5 працэнтных пунктаў.

У прыватнасці адзін з буйнейшых трымальнікаў сродкаў насельніцтва — «Белаграпрамбанк» — 13 студзеня знізіў працэнтную стаўку па тэрміновым рублёвым укладзе «Вялікія грошы» з 50 да 45%. 

«Беларусбанк» на аналагічны крок пайшоў 10 студзеня: стаўка па тэрміновым рублёвым укладзе «Гарантаваны даход» была зніжаная таксама з 50 да 45% гадавых. 

«Белгазпрамбанк», які ўваходзіць у шасцёрку вядучых банкаў краіны, зменшыў стаўку па тэрміновым рублёвым укладзе «Рацыянальны» з 49 да 44%. 

Зніжэнне працэнтных ставак у камерцыйных банках адбылося пасля рашэнняў Нацбанка па пытаннях працэнтнай палітыкі, якія былі прынятыя на мінулым тыдні. 

9 студзеня паводле рашэння рэгулятара верхняя мяжа працэнтных ставак па дэпазітах юрыдычных асоб была зніжаная з 50 да 40% гадавых. Адначасова з гэтым Нацбанк адзначаў, што па меры далейшай стабілізацыі сітуацыі на фінансавым рынку стаўкі па дэпазітах фізасоб таксама будуць змяншацца. 

Вышэйпералічаныя захады, як адзначаў Нацбанк, скіраваныя на «фарміраванне ў эканоміцы ўзроўню працэнтных ставак, якія забяспечваюць фінансавую і макраэканамічную стабільнасць, запаволенне інфляцыі, а таксама баланс інтарэсаў укладчыкаў і пазычальнікаў». 

У снежні 2014 года на фоне рэзкага павелічэння попыту насельніцтва на замежную валюту Нацбанк прыняў рашэнне практычна аб двухразовым павелічэнні працэнтных ставак на дэпазітным рынку — да 50% гадавых. У сувязі з гэтым банкі вымушаныя былі пайсці на значнае павышэнне кошту крэдытных рэсурсаў.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула