У менскіх судах асуджаныя 23 дэманстранты, амаль усе атрымалі па 15 сутак
Тацяне Цішкевіч далі ажно 20 сутак арышту.
Амаль усе атрымалі па 15 сутак арышту. Яны былі пакараныя за «дробнае хуліганства» і «ўдзел у несанкцыянаванай акцыі». Сярод асуджаных вядомы палітык Анатоль Лябедзька і дзеяч прадпрымальніцкага руху Анатоль Шумчанка.
20 сутак — найбольш за ўсіх — атрымала Таццяна Цішкевіч. Вось што кажа праваабаронца Валянцін Стэфановіч:
«Раней большы тэрмін паглынаўся меншым і больш за 15 сутак не выносілася. А зараз, паводле новага адміністрацыйнага кодэксу, тэрміны складваюцца. І ўлічваючы, што яна, відаць, ужо неаднаразова прыцягвалася да адміністрацыйнай адказнасці, суддзя вырашыў ёй вынесці не 15, як усім, а 20 сутак».
Паводле словаў Стэфановіча, агулам, з улікам тых актывістаў, якія былі затрыманыя прэвентыўна напярэдадні акцыі, за краты патрапіла каля 25 чалавек.