Актывіст Максім Вінярскі пачаў сухую галадоўку
Актывіст грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Максім Вінярскі 26 студзеня пачаў сухую галадоўку, паведаміў праваабарончы рэсурс spring96.org.
23 студзеня Вінярскі быў арыштаваны на 15 сутак за ўдзел у акцыі памяці Міхаіла Жызнеўскага і герояў Нябеснай сотні каля помніка ўкраінскаму паэту Тарасу Шаўчэнку ў Мінску.
Акрамя таго, паводле інфармацыі праваабаронцаў, 67-гадовая Ніна Багінская, аштрафаваная на 3,6 млн. рублёў за ўдзел у гэтай акцыі, накіравала ў пракуратуру Цэнтральнага раёна скаргу на дзеянні супрацоўнікаў РУУС. Актывістка піша, што ў міліцыі яе паставілі тварам да сцяны і адабралі палачку, на просьбу яе аддаць і дазволіць сесці ніхто не рэагаваў.
«Пасля таго як у дачыненні да мяне правялі відэафіксацыю, адзін з супрацоўнікаў Цэнтральнага РУУС Мінска прапанаваў азнаёміцца з пратаколамі адміністрацыйнага правапарушэння. На мае заўвагі, што я не разумею пратаколы, складзеныя па-руску, ён пачаў абражаць мяне грубай нецэнзурнай лаянкай, абражаў маю чалавечую годнасць і гонар. <…> Адрэагаваў пагрозамі фізічнай расправы на мой адрас. У прыватнасці ён сказаў, што я ўжо старая і мяне пара ўжо закапаць і ён гэта зробіць», — напісала Багінская.