БЕЛ Ł РУС

У выніку спецаперацыі ў Малі адзін украінец загінуў, двое вызваленыя

9.08.2015 / 09:54

У Малі ў выніку спецаперацыі сілавікоў па вызваленні закладнікаў адзін грамадзянін Украіны загінуў, двое былі выратаваныя.

Аб гэтым 8 жніўня паведамілі ў МЗС Украіны.

«У закладніках тэрарыстаў, якія захапілі гатэль у Малі, знаходзіліся чацвёра ўкраінцаў, аднаму з якіх удалося схавацца», - гаворыцца ў паведамленні.

Па папярэдніх дадзеных, атрыманых ад малійскага боку і місіі ААН у Малі, у выніку нападу былі захопленыя чацвёра грамадзян Украіны, адзін з якіх загінуў.

«Аднаму з украінцаў удалося ўцячы ад тых, хто нападаў, цяпер ён знаходзіцца на базе місіі ААН у правінцыі Мопці. Двое іншых грамадзян былі вызваленыя падчас антытэрарыстычнай аперацыі і цяпер знаходзяцца ў бяспецы», - паведамілі ў МЗС.

У МЗС адзначылі, што пасольства Украіны ў Алжыры знаходзіцца ў пастаянным кантакце з кампетэнтнымі органамі Малі і місіяй ААН з мэтай высвятлення персанальных дадзеных загінулага грамадзяніна Украіны і высвятлення абставінаў яго гібелі.

«Таксама прымаюцца тэрміновыя меры для ўстанаўлення сувязі з вызваленымі ўкраінцамі з мэтай вызначэння іх бягучага стану і аказання неабходнай консульскай дапамогі», - запэўнілі ў МЗС.

Як вядома, 7 жніўня ў Малі група баевікоў напала на гатэль Byblos, дзе часта пражываюць замежнікі, у тым ліку прадстаўнікі місіі ААН па стабілізацыі ў Малі. Падчас нападу на гатэль быў забіты супрацоўнік ААН.

Мэтай тых, хто нападаў быў захоп закладнікаў менавіта з ліку грамадзян замежных дзяржаў, якія пражываюць у гасцініцы. Перастрэлка з тэрарыстамі працягвалася ўсю ноч. Малійскія сілы бяспекі рыхтавалі спецаперацыю па вызваленні людзей.

Прылеглыя да гасцініцы кварталы былі блакаваныя арміяй і сіламі правапарадку.

У малійскім вайсковым камандаванні пакуль не падаюць канчатковых дадзеных аб ахвярах нападу баевікоў. Няма таксама падрабязнай інфармацыі пра лёс мірных грамадзян, якія знаходзіліся ў гатэлі ў момант атакі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула