БЕЛ Ł РУС

Мінчук зарабіў на незаконных валютных аперацыях больш за 100 млрд рублёў

10.12.2015 / 12:23

Аператыўнікамі ўпраўлення па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі ГУУС Мінгарвыканкама затрыманы 57-гадовы мінчанін, які ажыццяўляў валютна-абменныя аперацыі, не маючы спецыяльнага дазволу і без адпаведнай рэгістрацыі.

Як паведамляе ГУУС, за апошнія некалькі гадоў ён незаконна набыў замежную валюту на суму не меншую за 109,6 млрд. рублёў у эквіваленце. З гэтай сумы толькі за два месяцы 2015 года — амаль 35 млрд. рублёў.

Мужчына быў затрыманы аператыўнікамі пасля чарговага набыцця валюты. Падчас асабістага вобыску ў яго канфіскавана больш як 40 тыс. долараў ЗША.

У выніку праведзеных далейшых аператыўна-вышуковых мерапрыемстваў стала вядома, што затрыманы неаднаразова набываў замежную валюту ў банках сталіцы ў інтарэсах розных індывідуальных прадпрымальнікаў, якія гандлююць на рынку ГЦ «Экспабел» у Мінску.

Летась за ажыццяўленне незаконнай прадпрымальніцкай дзейнасці, звязанай з правядзеннем валютна-абменных аперацый, у дачыненні да мужчыны ўжо распачыналася справа на падставе ч. 2 арт. 233 КК (незаконная прадпрымальніцкая дзейнасць), аднак яго вызвалілі ад крымінальнай адказнасці па амністыі, а вытворчасць па справе спынілі.

У дачыненні да мужчыны, які займаўся ценявым абаротам замежнай валюты, распачата справа на падставе ч. 1 арт. 233 КК. Санкцыя артыкула прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да трох гадоў з канфіскацыяй прадмета злачынства.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула