У Мінску ідзе суд над сенатаркай Шарэйка
абнаўляецца
У Вярхоўным судзе ў панядзелак распачаліся слуханні па справе Ганны Шарэйка, члена савета рэспублікі і гендырэктаркі «Віцебскай бройлернай птушкафабрыкі».
Побач з Шарэйка — Вальдэмарас Норкус, грамадзянін Літвы, былы дырэктар фірмы «Даймас», якая займаецца пастаўкай кармоў і якой належыць 100% акцый «Руском-Р».
Шарэйка і Норкус не хавалі сваіх рамантычных адносін.
Шарэйка і Норкус не хавалі сваіх рамантычных адносін. Фота Сяргея Гудзіліна.
Шарэйка трымаецца бадзёра як для 55-гадовай жанчыны, якая больш за 1,5 года правяла у СІЗА.
Акрамя Шарэйкі і Норкуса, судзяць яшчэ пяцярых. Надзея Семчанкава, Яўген Канавальчанка, Мікалай Камароў — былыя намеснікі гендырэктара, Уладзімір Ярамцэвіч — галоўны спецыяліст па замежнаэканамічных сувязях фабрыкі, Міхаіл Разжывін — гендырэктар расйскай фірмы «Руском-Р».
Камароў і Ярамцэвіч былі вызваленыя з-пад варты. Першы правёў у СІЗА 10 месяцаў, затым быў пераведзены пад хатні арышт. Ярамцэвіча пратрымалі пад вартай амаль паўгода. Цяпер ён пад падпіскай аб нявыездзе.
Адвакат Шарэйкі заявіла хадайніцтва аб замене меры стрымання — па яе словах, у былой сенатаркі есць шэраг хранічных захворванняў, якія могуць пагражаць яе жыццю і здароўю. Да таго ж, Шарэйка дасягнула пенсійнага узросту. Сваё 55-годдзе яна сустрэла за кратамі. Такія ж хадайніцтвы, аб замене меры стрымання падалі і адвакаты іншых абвінавачаных. А Норкус папрасіў яшчэ і перакладчыка — па яго словах, юрыдычную тэрміналогію на рускай мове ён разумее не вельмі добра.
Усе хадайніцтвы аб замене меры стрымання суддзя Уладзімір Давыдаў адхіліў.
Што тычыцца перакладчыка з літоўскай, суддзя вырашыў высветліць, навошта той Норкусу. Трэба ўдакладніць, што яшчэ ў самым пачатку працэса літовец заявіў, што яму патрэбны перакладчык. Тады суддзя Давыдаў вырашыў пацікавіцца прыватным жыццём абвінавачванага:
— Хто вашыя бацькі?
— Абое літоўцы, — адказаў Норкус.
— У якую школу хадзілі?
— У сярэднюю… І ў спартовую…
— Навучанне было на якой мове?
— На літоўскай.
Затым Норкус патлумачыў, што можа разумець не ўсё.
У гэты раз, пасля хадайніцтва, суддзя працягнуў высвятляць, як гэта так, што чалавек не можа дакладна зразумець рускую?
— Яшчэ раз спытаю, хто вашыя бацькі?
— Абое літоўцы.
— Добра. Калі і дзе вы праходзілі вайсковую службу?
— У Прыбалтыцы. У спартыўнай роце.
— На якой мове?
— На рускай.
— І што, не перашкаджала гэта вам служыць?
— Там юрыдычных тэрмінаў не было.
Увогуле, асноўнае пытанне ў суддзі было, чаму Норкус падчас следства не патрабаваў перакладчыка? Літовец адказваў, што яшчэ на першым допыце заявіў, што перакладчык будзе патрэбны менавіта на судзе.
У выніку, Норкус прапанаваў:
— Я магу даваць паказанні на літоўскай. Хай вам хто-небудзь перакладае.
Суддзя Давыдаў не адказаў нічога. Ён абвясціў перапынак да 14-й гадзіны. А пасля абеду пастанавіў: хадайніцтва аб перакладчыку адхіліць. Падстава: на папярэднім следстве Норкус даваў паказанні на рускай мове, з матэрыяламі справы азнаёмлены ў арыгінале, без дапамогі перакладчыка.
Нагадаем, што Ганна Шарэйка была затрыманая ў жніўні 2014 года па падазрэнні ў злоўжыванні службовымі паўнамоцтвамі. За кратамі яна правяла паўтара года.
Шарэйка трапіла пад следства пасля тэндэру аб пастаўцы кармоў. У 2012 годзе яна выбрала паслугі прадпрыемства «Русском-Р», дылера Рыжскага камбікормавага заводу, а не беларусаў з аршанскага ААТ «Экамол». Пры гэтым цэны ў «Русском-Р» былі вышэйшыя. Таму следства палічыла, што Шарэйка адхіліла больш выгадную для прадпрыемства прапанову, шкода такім чынам склала каля 4 мільярдаў рублёў.
Аднак, тут ёсць і свае нюансы. Па-першае, калі «Русском-Р» фактычна належыць «бойфрэнду» былой сенатаркі, то «Экамол» — фірма яе прамых канкурэнтаў, кампаніі «Сервалюкс». «Сервалюкс» — уласнік Магілёўскай і Смалявіцкай бройлерных птушкафабрык, Чырвонасцяжнага камбікормавага завода, брэнда «Пятруха».
Пры Шарэйка Віцебская бройлерная птушкафабрыка знаходзілася сярод 20 самых прыбытковых беларускіх ААТ.
Артыкул, па якім абвінавачваюць Ганну Шарэйка, прадугледжвае да 10 гадоў пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці.
Ганна Шарэйка была вельмі папулярным кіраўніком як сярод работнікаў «Ганны», так і агулам у Віцебску. Многія людзі ўспрынялі яе арышт як несправядлівы.
Так выглядала Ганна Шарэйка раней.