Праз 5 гадоў маўчання: скандальны Руслан Вашкевіч вярнуўся ў Мінск з персанальнай выставай
Чарговы мастацкі праект Руслана Вашкевіча «Канал Культура» ўцягвае наведвальнікаў у лабірынт вобразаў і думак. AFISHA.TUT.BY ужо паспела пабываць на выставе і гатовая расказаць пра тое, што чакае гледачоў.
Руслан Вашкевіч — адзін з самых вядомых беларускіх канцэптуальных мастакоў. Яго новы праект носіць назву «Канал Культура». Аўтар асэнсоўвае мастацтва і культуру як камунікацыю, узаемадзеянне розных каналаў, суб'ектаў, інтарэсаў.
Папярэдняя выстава Вашкевіча «Музей», якая адбылася ў 2011 годзе ў Нацыянальным мастацкім музеі, з'яўлялася інтэрвенцыяй сучаснага мастацтва ў кансерватыўную музейную прастору.
На ўваходзе нас сустракае зэдлік са звязкай выбухоўкі — своеасаблівы эпіграф, які дае зразумець, што праект — бомба запаволенага дзеяння.
— У афіцыйна абвешчаны Год культуры наш праект нясе ў сабе такі контркультурны пафас. Цікава, якой будзе рэакцыя, — тлумачыць Руслан Вашкевіч.
Калі прыгледзецца, становіцца ясна, што час зусім не «цікае». І да канца выставы лічбы на дысплеі не акругляцца да нуля.
— На жаль, яны толькі большымі становяцца, як і нашы шанцы, — смяецца Руслан. — Гэта ўсё ж такі муляж пакуль.
Сама выстава многім падасца своеасаблівым лабірынтам. Так выглядае архітэктура экспазіцыйнай прасторы. Тут няма асобных залаў, гэта такі бясконцы лабірынт, або, як яго называе сам Руслан, кішэчнік. Маршрут задаецца пэўнымі творамі. Напрыклад, сустракае гледачоў вядомая «Шкала Рыхтэра», якая адкрывае камунікацыйны канал-хайвэй, залучае наведвальніка ў рух па калідорах уздоўж серыйных выстаў.
Далей выбудаваныя карціны-білборды, яны выдатна ўпісваюцца ў выставачную прастору, напрыклад палатно «sextourism.by», якое беларускі глядач можа ўбачыць толькі дзякуючы «Дому карцін», якому хапіла смеласці паказаць яго ў сваіх сценах.
— Я неяк меў нахабства выкінуць гэтую карцінку ў Facebook з надпісам «Мы з дзяўчынкамі да чэмпіянату свету па хакеі гатовыя», — узгадвае мастак. — Беларуская інтэрнэт-супольнасць абрынулася на мяне за гендарны і нацыянальны падтэкст. Па праўдзе кажучы, гэтая праца, а таксама «Аграфілія» прысвечана рэкламе культуры.
Драматургія праекта выбудаваная так, каб уцягваць наведвальніка ў прастору, падгружаючы яго сэнсам, пашыраючы свабоду выбару. Ёсць у лабірынце і інтэрактыўныя пункты. Напрыклад, ужо ў наступным калідоры кожны зможа размаляваць ксераксные раздрукоўкі рэпрадукцый, паказаных на сценах. Руслан адзначае, што не будзе супраць, нават калі наведвальнікі вырашаць размаляваць самі палотны, але сумняваецца, што каму-небудзь хопіць на гэта ўнутранай свабоды.
Наступная зала прыцягвае ўвагу палатном «Мост».
Але гэта не адзіны цікавы экспанат залы. Самы правакацыйны ўяўляе з сябе хатнюю бібліятэку.
— Я выкупляў у букіністаў розныя выданні і на карэньчыках маляваў парнаграфічныя карцінкі. Закрытая глыбіня класікі без шкадавання заменена сёння плоскай пустатой тыражнага глянцу.
Далей наведвальнік ідзе па «Паласе перашкод» ад хатняй бібліятэкі да наступнага экспаната. Тым часам мастак адзначае шэрыя сцены «Дома карцін».
— Гэты шэры колер здаецца амаль пластылінавым, але ён ператварыў палотны ў лайтбоксы, ёсць такое адчуванне, праўда?
Наогул Руслан Вашкевіч даўно вядомы сваімі прасторавымі інтэрвенцыямі. Яго палотны бачылі сцены завода «Гарызонт» і палаца Румянцавых-Паскевічаў у Гомелі. Інтэрвенцыі ў розную прастору ідуць не ад жадання абразіць, здзівіць ці эпатаваць. Гэта перш за ўсё спосаб зафіксаваць важныя для соцыума пытанні і праблемы. Для Руслана, мабыць, няма забароненых месцаў, калі яны агаляюць праблемы як унутры самога мастацтва, так і чалавечага быцця.
Наступны пакой прысвечаны адной з самых вядомых работ Вашкевіча — «Не гледзячы ні на што». Тут ёсць і само палатно, з якога на гледача пазіраюць чатыры героі, і фатаграфіі гэтага палатна ў самых розных месцах — у моргу, у дзіцячым садзе, на могілках, у стрыптыз-клубе.
— Асобна цікавым будзе стэнд з фотаздымкамі аб тым, як мы прапіхвалі карціну ў вокны дзіцячага садка, каб пагрузіць чалавека ў драму падарожжа, а гэта складана. Да праекта ёсць відэа, музыку да яго пісаў Сяргей Пукст. Яму ўдалося стварыць вельмі трывожны саўндтрэк, прадстаўлены сінтэтычнымі гукамі руху планет, якія маюць нечалавечую прыроду. Алгарытму няма, катарсіс не надыходзіць, ты хочаш развязкі — але музыка не сканчаецца. А ў канцы — бунт машын, пральная машына страчвае розум і сама сябе разбівае на трэскі. Усё як у жыцці.
Дапаўняе экспазіцыю «Не гледзячы ні на што» наступны калідор, дзе гледачы змогуць палюбавацца бытавым фокусам: тэнісныя шарыкі лунаюць над двума фенамі. Толькі шарыкі не простыя — гэта вочы, якія глядзяць на гледача.
— Каб фокус атрымаўся, трэба заціснуць фен паміж двума кнігамі. Мне падалося, што гэта павінны быць невыпадковыя кнігі. Так нарадзілася яшчэ адна ідэя — я задаў пытанне сваім сябрам на Facebook: «Якія дзве кнігі вы б узялі на бязлюдны востраў або ў другое жыццё?» Адказы можна ўбачыць на сцяне.
Варта нам адцягнуцца на радкі тэксту, як Руслан звяртаецца з пытаннем:
— А якія вашы любімыя кнігі?
«Трымаецца» гэты няпросты калідор з дапамогай сцяны, забітай чорнымі дошкамі з чарапамі, інсталяцыяй «Выкінь гэта са сваёй галавы». Маецца на ўвазе цвердалобасць, косткі галавы, якія перашкаджаюць бязмежнай плыні думкі. Збольшага жартаўлівая праца з'яўляецца для Руслана маніфестам, як і многія іншыя яго палотны.
Далей — апакаліптычная зала.
— Што такое канец свету? Сучасная культура вельмі часта эксплуатуе гэтую тэму. Яе (гэтую тэму) так часта разглядаюць як рэпетыцыю, іронію, кепікі, што канец свету перастае быць страшным, — раскрывае ідэю аўтар. — Стрэлачкі мігочуць, робячы з Рая і Ада нейкую тапаграфію, становіцца цікава гуляць. Мы ўжо не клапоцімся пра тое, што з намі будзе пасля смерці, а проста рэагуем на стрэлачкі.
Яшчэ адным цікавым экспанатам з'яўляецца праект-калейдаскоп «Тайная архітэктура». Натхнілі мастака вітражы французскіх сабораў. Палотны з дзівоснымі кветкамі паблізу аказваюцца пераламанымі косткамі.
— Некалькі гадоў таму я запампаваў базу хірургіі, костак і пераломаў і набраў сабе «модуляў». Потым аказалася, што костак мала ў чалавека, пераломаў яшчэ менш — пяць стандартных, рука, нага, пазваночнік, як гэта ні страшна. Выбару няма! Таму тут з'явілася некалькі сабачых костак, слабых.
На другой сцяне чакаюць сваіх гледачоў велічэзныя мыліцы Звышчалавека, а ў канцы залы — экран, які дэманструе відэа з ужо знаёмым наведвальнікам калейдаскопам, але ў больш псіхалагічна цяжкім, кіслотным выглядзе.
Чарговая зала прадстаўлены інсталяцыяй «План уцёкаў» у розных формах. Палотны, мініяцюры і шкляныя панэлі.
— План уцёкаў просты, як інструкцыя па зборы ікееўскай мэблі. Першапачаткова ён задумваўся як псіхадэлічнае відэа: пяць хвілін глядач бачыць супрэматычны чорны круг, а потым з яго хутка выскоквае дзяўчынка — і зноў чорны круг. Глядач не разумее, сядзіць яшчэ пяць хвілін — зноў хутка хтосьці мільгае, — узгадвае мастак. — За знешняй прастатой і наіўнасцю выяўленчых сродкаў хаваецца ідэя аб тым, што мы заўсёды павінны мець план уцёкаў, каб не стаць закладнікам жорсткіх рэпрэзентацый.
Разнастайнасць фармату гэтай інсталяцыі тлумачыцца тым, што шкло вельмі дакладна адлюстроўвае вобраз глюка, фантазіі, міражу, ілюзіі, скрозь якую бачная архітэктура выставачнага свету.
Наступны калідор прадстаўлены «люстранымі» карцінамі. «Чэмпіёны свету» адсылаюць да савецкіх працоўных спаборніцтваў, удзельнікі якіх збіраюць у руках нешта, што нельга ўбачыць за яркімі супрэматычнымі фігурамі. Гэта стварае пэўную таямніцу. Карціна выдатна адлюстроўваецца ў іншым палатне, «Свяце на маёй вуліцы».
Далей чалавек трапляе ў пакой вітрын-прасцін. Кожная з іх, у прынцыпе, магла б красавацца ў аконным праёме крамы, але ўсе яны маюць куды большы сэнс.
— Прасціны — гэта заўсёды нешта інтымнае, а вітрына — публічнае. Бывае, што калі як след страсянуць публічнае, то з'яўляецца нешта парнаграфічна-інтымнае, і наадварот. Працы як бы ні пра што, паасобку яны не маюць сэнсу. Але калі іх паказаць разам, то мы апынаемся ў іх — таму што гэта дэкарацыі нашай рэальнасці.
А завяршаецца праект інсталяцыяй «Калабок». Ва ўсёй інсталяцыі прыкметная пэўная тэатральнасць.
— Калабок ужо пакатаўся па ўсёй выставе і жыцці, убачыў увесь яго абсурд, — усміхаецца Руслан, паказваючы на палатно, насупраць якога стаяць тры крэслы. — Тут можна знайсці шмат алюзій, канатацыі, пасылаў, асабіста для мяне гэта — першы дзень пасля канца свету.
Акрамя саміх інсталяцый выстава дазволіць азнаёміцца з цікавымі кінастужкамі і музычнымі гуртамі. Напрыклад, праект «Кіно па краях» прадставіць фільмы — ад папсы і баевікоў Бруса Лі 1968 года да гламурных і поп-культурных стужак, гей-эстэтыкі і падобных залімітавых рэчаў.
— Выстава — добрая камунікацыйная пляцоўка, — падводзіць вынік пад сутнасцю праекта Руслан. — Фільмы, музыкі, якія выступяць на праекце, фарміруюць нашу незалежную прастору. Напрыклад, той жа Сяргей Пукст вядомы і як радыёвядучы, і як незалежны альтэрнатыўны музыкант. Мы даём магчымасць праявіць сябе ўсім агентам гэтага поля.
Руслан Вашкевіч нарадзіўся ў Мінску. У ліку асноўных праектаў — Second Second Hand (ЦДХ, Масква, 2000 г.); альтэрнатыўны Беларускі павільён 53-й Венецыянскай біенале (БелЭкспа, Мінск, 2009); арт-аналітычная прэзентацыя нулявых «Радыус Нуля» (завод «Гарызонт», Мінск, 2012).
Акрамя таго, выстаўляўся ў Кіеве, Амстэрдаме, Мадрыдзе, Парыжы, Маскве, Гранадзе, Чыкага, Бейруце, Таліне, Рыме. Працы прадстаўлены ў калекцыях Музея сучаснага мастацтва (г. Мінск), Нацыянальнага мастацкага музея (г. Мінск), Музея сучаснага рускага мастацтва (г.Нью-Ёрк), Музея новага мастацтва (г.Пярну), Маскоўскага музея сучаснага мастацтва.
Выставу можна пабачыць да 22 мая ў галерэі «Дом карцін» (пр-т Пераможцаў, 89).