Мінскія антыфашысты правялі акцыю ля будынка Следчага камітэта
Следчы камітэт змяніў абвінавачанне двум затрыманым 23 сакавіка прадстаўнікам руху антыфашыстаў на больш цяжкае. У знак салідарнасці іх сябры павесілі ля будынка СК расцяжку з надпісам «Волю антыфа».
Пра гэта мінскія антыфашысты паведамілі на старонцы сваёй супольнасці ў сацыяльнай сетцы«Вконтакте».
«Увечары 29 сакавіка стала вядома, што двум арыштаваным антыфашыстам, Вадзіму Бойку і Іллі Валовіку, у якога неўзабаве народзіцца дзіця, Следчы камітэт выставіў абвінавачванне, і цяпер яны з'яўляюцца абвінавачанымі паводле ч.3 арт.339 КК РБ («Асабліва злоснае хуліганства»). Гэты артыкул прадугледжвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам да 10 гадоў».
Нагадаем, што 23 сакавіка прайшло больш за 20 вобшукаў у кватэрах мінскіх антыфашыстаў.
Ператрусы былі звязаны з крымінальнай справай, якая заведзеная амаль 2 гады таму.
29 чэрвеня 2014 года адбылася бойка на прыпынку «Універсам» на вуліцы Несцерава, а пасля невядомыя разбілі шкло ў тралейбусе. Жонка Валовіка Алёна кажа, што яе мужа і многіх знаёмых ужо дапытвалі раней па гэтай справе. Але цяпер яе вырашылі зноў аднавіць.