БЕЛ Ł РУС

Ухваленыя назвы новых хімічных элементаў, адзін з іх — масковій

8.06.2016 / 21:44

Міжнародны саюз тэарэтычнай і прыкладной хіміі ўхваліў назвы чатырох новых хімічных элементаў перыядычнай табліцы Мендзялеева.

AP

Нядаўна адкрытыя звышцяжкія элементы рэкамендавана назваць у гонар Японіі, Маскоўскай вобласці, амерыканскага штата Тэнэсі і расійскага навукоўца-ядзершчыка Юрыя Аганесяна.

Такім чынам, элементы пад нумарамі 113, 115, 117 і 118 атрымаюць адпаведна назвы ніхоній (Nh), масковій (Mc), тэнэсін (Ts) і аганэсон (Og).

Адзначым, што элемент нумар 113 — вельмі радыёактыўны і нестабільны: ён існуе ўсяго секунду, перш чым распадаецца на больш лёгкія атамы.

Усе чатыры элементы былі адкрытыя яшчэ некалькі гадоў таму, аднак экспертам спатрэбіўся час на пераправеркі звестак.

Першаадкрывальнікамі элементаў 115, 117 і 118 прызнаная міжнародная даследчая група, якая складаецца з расійскіх і амерыканскіх навукоўцаў. Гэтая група таксама прэтэндавала на права лічыцца першаадкрывальнікам элемента 113, аднак у выніку эксперты замацавалі гэтае адкрыццё за японскімі навукоўцамі.

У апошні раз змены ў перыядычную табліцу хімічных элементаў ўносіліся ў 2011 годзе. Тады ў яе дадалі элементы 114 і 116.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула