«Хайнэкен» набыла «Рэчыцапіва»
22 мая галандская кампанія «Хайнекен» афіцыйна аб'явіла аб набыцці кантрольнага пакета акцый ААТ «Рэчыцапіва».
Як паведамляе афіцыйны сайт кампаніі «Хайнекен», па ўмовах пагаднення галандскі бок інвестуе 9,9 млн. долараў ЗША ў павелічэнне акцыянернага капіталу ААТ «Рэчыцапіва». Пасля гэтай здзелкі «Хайнекен» плануе заняць да 25% беларускага рынку піва.
«Пасля набыцця піўзавода «Сябар» у снежні 2007 года гэтая здзелка пацвярджае нашу веру ў патэнцыял беларускага рынку піва, — цытуе прэс-рэліз рэгіянальнага дырэктара «Хайнекен» у Цэнтральнай і Усходняй Еўропе Ніка Нусмеера. — Камбінацыя «Сябра» і «Рэчыцапіва» дазволіць заняць нам вядучую пазіцыю на рынку Беларусі і створыць устойлівую платформу для росту нашых расійскіх брэндаў».
Даведка БелаПАН. Завод «Рэчыцапіва» ўведзены ў дзеянне ў 1975 годзе. У 2000 годзе пераўтвораны ў сумеснае беларуска-літоўскае ААТ. Магутнасці прадпрыемства па вытворчасці піва цяпер складаюць 5,2 млн. дал за год. Прадпрыемства рэалізуе прадукцыю пад гандлёвымі маркамі «Рэчыцкае», «Дняпроўскае», «BergG».
Піваварная кампанія Heineken N.V. была заснавана ў 1864 годзе. Яна валодае магутнасцямі ў 65 краінах, у яе склад уваходзіць 119 піўзаводаў. Па аб'ёмах піваварэння кампанія займае трэцяе месца ў сусветным рэйтынгу вытворцаў піва і першае месца — у Еўропе.