Турчынаў назваў заяву ФСБ «істэрычнай і брахлівай»
Сакратар Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Аляксандр Турчынаў запярэчыў заяве ФСБ Расіі аб нібыта нападзе ўкраінскіх вайскоўцаў на Крым і спробе зладзіць там тэракт.
Пра гэта гаворыцца ў паведамленні РНБА.
«Істэрычная і брахлівая заява Федэральнай службы бяспекі РФ не мае ніякіх падстаў, акрамя спроб акупантаў нагнятаць і абвастраць сітуацыю на часова захопленых ўкраінскіх тэрыторыях», — заявіў Турчынаў.
Паводле яго слоў, за апошні год ніводзін супрацоўнік Галоўнага ўпраўлення разведкі Міністэрства абароны Украіны не быў затрыманы на акупаванай тэрыторыі Крыма.
«Гэтае правакацыйнае трызненне ФСБ з'яўляецца элементам гібрыднай вайны, якую вядзе Расія супраць нашай краіны», — дадаў ён.
Як вядома, у сераду расейская ФСБ распаўсюдзіла заяву аб нібыта дзвюх спробах украінскіх вайскоўцаў напасці на Крым і зладзіць там тэракты, падчас якіх загінулі расійскі вайсковец і баец ФСБ.
Украінскі Генштаб назваў гэтыя заявы правакацыяй.