Міхаіл Барышнікаў падтрымаў Хілары Клінтан у прэзідэнцкай гонцы
Знакаміты танцор і акцёр Міхаіл Барышнікаў выступіў у падтрымку кандыдата ў прэзідэнты ЗША ад Дэмакратычнай партыі Хілары Клінтан.
Барышнікаў эміграваў з Савецкага Саюза ў 1974 годзе: 26-гадовы танцоўшчык Кіраўскага тэатра пасля чарговых гастроляў адмовіўся вярнуцца ў СССР і застаўся жыць у Нью-Ёрку.
У відэароліку ў падтрымку Клінтан Барышнікаў папярэдзіў выбаршчыкаў аб небяспецы, якая ім, на яго думку, можа пагражаць, калі пераможа кандыдат ад рэспубліканцаў Дональд Трамп.
«Сорак два гады таму я пакінуў краіну, якая будавала сцены, каб адправіцца туды, дзе іх няма. Але сёння, будучы грамадзянінам ЗША, я ўпершыню чую рыторыку, якая нагадвае мне пра Савецкі Саюз маёй маладосці, дзе быць іншым лічылася і па-ранейшаму лічыцца злачынствам», — заявіў ён.
Паводле яго слоў, Клінтан зможа павесці краіну ў правільным кірунку і абараніць правы ўсіх грамадзян.