Суд над Уладзімірам Кондрусем працягнецца 26 снежня
Праваабаронцам стала вядома, што разгляд крымінальнай справы ўдзельніка Плошчы -2010 Уладзіміра Кондруся працягнецца ў судзе Маскоўскага раёна Мінска 26 снежня. Пачатак у 10:30, піша spring96.org
Судовы працэс над палітвязнем Уладзімірам Кондрусем, якога амаль праз шэсць гадоў судзяць за ўдзел у масавых беспарадках падчас Плошчы-2010, распачаўся 16 лістапада. Аднак пасля таго, як у зале суда Кондрусь паспрабаваў ускрыць сабе вены, было вырашана адправіць падсуднага на комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу.
Нагадаем, затрымалі Кондруся 14 чэрвеня гэтага году ў межах папярэдняга расследвання. Пасля ён знаходзіўся ў СІЗА №1 Мінска, дзе трымаў галадоўку.
Праваабаронцы прызналі Уладзіміра Кондруся палітычным зняволеным.
«Па некаторых звестках, суд над сынам можа працягнуцца на наступным тыдні — 26 снежня,— кажа Галіна Васільеўна, маці Кондруся. — Суддзя, якая вядзе гэты судовы працэс, была ў адпачынку, але зараз ужо выйшла на працу. Таму, мяркую, суд насамрэч працягнецца ў бліжэйшыя дні».
Як вядома, Уладзімір Кондрусь прайшоў комплексную псіхолага-псіхіятрычную экспертызу, але пра яе вынікі пакуль не паведамляецца.