Мінфін: На кампенсацыю савецкіх укладаў беларусам спадзявацца не варта
Спадзявацца на вяртанне страчаных савецкіх укладаў беларусам не варта. Аб гэтым сёння ў парламенце заявіў намеснік міністра фінансаў Юрый Селіверстаў.
Паводле яго слоў, пытанне перыядычна падымаецца на ўзроўні ўрада. Але грошай на вяртанне гэтых укладаў няма.
— На жаль, у 2011-2013 гадах мы перажылі чарговыя дэвальвацыі, уклады беларусаў таксама абясцэніліся. Ёсць і страхавыя накапленні, якія абясцэніліся, - прызнаў праблему намеснік міністра фінансаў. - Але ці ёсць у нас крыніца, каб усё гэта вярнуць грамадзянам. Давайце, паклаўшы руку на сэрца, скажам, што не. Вярнуць тыя грошы з савецкіх часоў немагчыма.
Апошні раз заканадаўча абяцалі вярнуць страчаныя савецкія ўклады ў 1998 годзе. Дзеянне таго указа ўжо скончылася, новых дакументаў не прымалася.
- Так мне так і сказаць выбаршчыкам, што спадзявацца на кампенсацыю не варта? - удакладніла дэпутат Ганна Канапацкая.
— Так, так і сказаць, — адказаў Юрый Селіверстаў.