БЕЛ Ł РУС

Брытанскія студэнты матэматычна вылічылі аптымальны спосаб наразання бульбы

18.01.2018 / 16:55

nn.by

Студэнты Эсэкскага ўніверсітэта, што ў Вялікабрытаніі, перагледзелі рэцэпт бульбы па-вясковаму і вылічылі, як трэба рэзаць бульбу, каб атрымаць максімальную плошчу хрумсткае скарынкі.

У якасці традыцыйнага варыянту нарэзкі разглядаўся спосаб «крыж накрыж». Нарэзка па разлічаным студэнтамі спосабе (справа) павялічвае плошчу вонкавай паверхні кавалачка бульбы на 65%

Бульба па-вясковаму гатуецца так: нарэзаныя клубні спачатку адварваюць да гатовасці, потым крыху падсушваюць і запякаюць у масле ці тлушчы. Непаўторнасць стравы — у разнастайнасці тэкстур: мяккае пюрэ ўнутры і хрумсткая скарынка па краях.

Чым больш скарынкі, тым лепш, вырашылі студэнты, і з дапамогай матэматычных метадаў разлічылі, як трэба рэзаць, каб максімальна павялічыць вонкавую плошчу кавалка бульбы пры захаванні рацыянальнага аб'ёму (каб бульба не ператварылася ў чыпсы).

Заняцца такімі разлікамі студэнты вырашылі пасля таго, як даведаліся пра рэцэпт вядомага ў Аўстраліі шэф-повара Хестана Блюменталя, які раіць пры прыгатаванні бульбы па-вясковаму рэзаць яе крыж-накрыж на чатыры кавалкі, пры гэтым выбіраць сорт бульбы з найбольшым утрыманнем крухмалу. 

Каб праверыць сваё меркаванне, студэнты зладзілі эксперымент: яны падрыхтавалі дзве сотні порцый бульбы двух відаў нарэзкі: па ўласным рэцэпце і па рэцэпце Хестана Блюменталя, пасля чаго прапанавалі яе добраахвотнікам са студэнцкага кампуса, а таксама кухарам з рэстарана непадалёк. Студэнты прасілі ацаніць розныя якасці стравы, а затым супаставілі ацэнкі. Выявілася, што ўсім больш падабаецца бульба, нарэзаная па новай методыцы. Вынікі апытання прадстаўленыя на графіцы:

Сіні колер — традыцыйная нарэзка (як у рэцэпце шэф-повара), чырвоны колер — нарэзка паводле разлікаў студэнтаў. Крытэрыі ацэнкі (злева направа): смак, хрумсткасць, знешні выгляд, агулам. 

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула