БЕЛ Ł РУС

Выйграюць усе

2.10.2008 / 16:25

Запісаў Сямён Печанко

Эканаміст Аляксандар Чубрык: ад увядзеньня адзінай стаўкі падаходнага выйграюць усе. Акрамя таго, гэта павінна паспрыяць вывядзеньню зь ценю не дэкляраваных раней прыбыткаў.

Эканаміст Аляксандар Чубрык мяркуе, што ў сярэдняй і доўгатэрміновай пэрспэктыве ўвядзеньне адзінай стаўкі падаходнага падатку паспрыяе ўсім катэгорыям насельніцтва.

У мінулым годзе эфэктыўная стаўка падаходнага падатку для беларусаў зь сярэднімі даходамі складала каля 12,6 %, таму больш заможныя грамадзяне і тыя, хто адносіцца да сярэдняй клясы, толькі выйграюць ад такога кроку.

Менш забясьпечаныя суайчыньнікі, якія плацілі падатак на ўзроўні 9 % у першы час сапраўды могуць адчуць на сабе ініцыятыву ўраду. Аднак, як адзначае эканаміст, апошнія гады заробкі ўсяго без выключэньня насельніцтва растуць. Таму, калі б захаваўся стары дыфэрэнцыяваны падатак, з ростам заробкаў беларусам давялося б плаціць большыя падаткі.

Увядзеньне адзінай стаўкі падаходнага падатку, лічыць А. Чубрык, павінна паспрыяць вывядзеньню зь ценю не дэкляраваных раней прыбыткаў, што павялічыць прыток сродкаў у бюджэт.

У ідэале дзяржава магла б скарыстацца з дадатковых паступленьняў, каб аказваць адрасную дапамогу самым неабароненым катэгорыям насельніцтва.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула